2 да Карынфянаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хіба мы зноў пачынаем прадстаўляць сябе́ Няўжо патрэбны нам, як некаторым, рэкамендацыйныя пасланні да вас ці ад вас?
 
Ці ізноў нам пачынаць самых сябе паручаць? Або патрабуем, як некатрыя, паручных лістоў да вас альбо ад вас?

Вы — наша пасланне, якое напісана ў сэрцах нашых, якое пазнаю́ць і чытаюць усе людзі;
 
Вы — ліст наш, напісаны ў сэрцах нашых, пазнаваны а чытаны ўсімі людзьмі,

вы паказваеце сабою, што вы — пасланне Хрыстова, якое з’явілася плёнам служэння нашага і напісана не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцевых скрыжалях сэрца.
 
Выяўлены ліст Хрыстоў, выслужаны намі, напісаны ня чэрняю, але Духам Бога жывога, не на каменных дошчачках, але на цялесных дошчачках сэрца.

Такую ўпэўненасць мы маем перад Богам праз Хрыста,
 
А такі давер мы маем пераз Хрыста да Бога;

не таму, што мы здольны самі па сабе падумаць нешта, нібы́та самі ад сябе, але здольнасць наша ад Бога,
 
Не каб мы самы былі здольныя мысьліць што-лень, як самы ізь сябе, але здольнасьць наша з Бога,

Які і зрабіў нас здольнымі быць служыцелямі Новага Запавету, не літары, а духу, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
 
Каторы ўчыніў нас здольнымі слугачымі новае ўмовы, ня літары, але духа; бо літара забівае, а дух ажыўляе.

Калі ж служэнне смерці, літарамі высечанае на камянях, было такім слаўным, што сыны Ізраілевы не маглі глядзець на твар Маісея з-за славы твару яго мінучай,
 
Калі ж слугаваньне сьмерці, літарамі выразанае на камянёх, было слаўнае, ажно не маглі цеміцца сынове Ізраелявы ў від Масеяў з прычыны славы віду ягонага мінучае,

то наколькі больш слаўным будзе служэнне духу?
 
Дык ці не пагатове мае быць шмат слаўнейшае слугаваньне Духа?

Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то намнога больш напоўнена славаю служэнне апраўдання.
 
Бо калі слугаваньне засуджэньня слаўнае, пагатове слугаваньне справядлівасьці збыткуе ў славе.

І вось, праслаўленае не з’яўляецца слаўным па гэтай прычыне, з-за славы, якая перавышае.
 
Бо й услаўленае ня было ўслаўлена, раўнуючы да пераходзячае славы.

Бо калі мінучае ма́е славу, то тым большую славу ма́е тое, што застае́цца.
 
Бо калі мінаючае слаўнае, пагатове трываючае ў славе.

Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай,
 
Затым, маючы такую надзею, мы дзеем вельмі адважна,

а не так, як Маісей, які накладаў покрыва на твар свой, каб сыны Ізраілевы не глядзелі на заканчэнне мінучага.
 
А ня так, як Масей, што клаў запінашку на від свой, так што сынове Ізраелявы ня цеміліся ў канец мінаючага.

Але розум ў іх закамянеў: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязнятым пры чытанні Старога Запавету, паколькі яно здымаецца Хрыстом.
 
Але розумы іхныя закалянелыя, бо аж дагэтуль тая самая запінашка пры чытаньню Старога Закону застаецца, ня будучы расьхіненая; аддаляецца Хрыстом.

Дагэтуль, калі яны чытаюць Маісея, покрыва ляжыць на сэрцы іх;
 
Значыцца, аж дагэтуль, як Масея чытаюць, запінашка ляжыць на сэрцу іхным.

але калі хто звяртаецца да Госпада, то покрыва здымаецца.
 
Але, як наварачаюцца да Спадара, запінашка гэна здыймаецца.

Гасподзь — гэта Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабода.
 
Спадар ё Дух; а йдзе Дух Спадароў, там свабода.

Мы ж усе, з адкрытым тварам сузіраючы, як у люстэрку, славу Гасподнюю, перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, паводле Гасподняга Духа.
 
Мы ж усі, з каторых віду зьнята запінашка, сузіраючы, як у глядзелцы, славу Спадарову, адмяняемся ў тый самы абраз ад славы ў славу, як ад Духа Спадаровага.