Да Ціта 3 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся начальству і ўладам, каб былі пакорлівымі і гатовымі да ўсякай добрай справы,
 
Давай ім напамін да паслухмянасьці загаду ўладаў ды гатоўнасьці да кажнага добрага дзела;

каб нікога не зневажа́лі, не былі сварлівымі, былі зычлівымі, заўжды праяўлялі лагоднасць да ўсіх людзей.
 
нікога не зьнеслаўляць сварліва, а быць ветлівым да ўсіх людзей.

Бо і мы калісьці былі неразумнымі, непакорлівымі, аблу́днымі, былí рабамі пажаднасцей і розных задавальне́нняў, жылі ў злобе і за́йздрасці, былí агіднымі, ненавідзелі адно аднаго.
 
Бо і мы былі калісь бесталковымі, недаверлівымі, блудзячымі нявольнікамі ўсякіх похатных роскашаў, жывучы ў злосьці й завісьці, агідзе й ненавісьці ўзаемнай.

Калі ж я́ўлена была благадаць і чалавекалюбства Спасіцеля нашага, Бога,
 
Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любасьць да людзей Богазбаўцы нашага,

то не за справы праведныя, якія мы здзейснілі, а па Сваёй міласці Ён спас нас праз купель новага нараджэння і абнаўлення Духам Святым,
 
Ён выбавіў нас не дзеля праведных учынкаў, якіе мы-б маглі даканаць, а дзеля міласэрдзя Ягонага, праз купель (хрост) адраджэння й абнаўлення ў Духу Святым,

Якога выліў на нас шчодра праз Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага,
 
якога зыслаў на нас аквіта праз Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага,

каб, апраўда́ныя Яго благадаццю, мы, як спадзяёмся, сталі спадкаемцамі жыцця вечнага.
 
каб, апраўданыя ласкаю ягонай, унасьледзілі мы водле спадзявання жыцьцё вечнае.

Вартае веры слова гэтае; і я жадаю, каб ты ў гэтым пераконваў тых, хто ўвераваў у Бога, каб яны намагаліся быць першымі ў добрых справах: гэта добра і карысна для людзей.
 
Верная гэта навука й жадаю, каб і ты сьцьвярдзіў гэта, каб уверыўшыя ў Бога рупіліся быць перадавымі ў добрых справах; гэта бо для людзей добра й карысна.

Ад неразумных жа пошукаў, спрэчак пра радаслоўі, і сварак, і змаганняў законніцкіх ухіляйся, бо яны непатрэбныя і марныя.
 
А пустагоньскіх досьледаў, радаводных спрэчак і калатні аб законах высьцярагайся, бо яны пустыя й бескарысныя.

Чалавека-ератыка, пасля аднаго і другога папярэджання, пазбягай,
 
Гэрэтыка пасьля першага і другога напаміну унікай,

ведаючы, што сапсаваны ён і грашыць, тым самым асуджаючы сябе самога.
 
ведаючы, што гэта каведны грэшнік, сам сабою асуджаны.

Калі прышлю да цябе Арцему або Ціхіка, паспяшайся прыйсці да мяне ў Нікапаль, бо я вырашыў там перазімаваць.
 
Калі прышлю да цябе Арцёма, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці ка мне ў Нікаполь; бо я рашыўся там перазімаваць.

Зіну-законніка і Апалоса пастарайся сабраць у дарогу так, каб у іх ні ў чым не было недахопу.
 
Зэнона, доктара права, і Апольлё вышлі першых ды так, каб у іх ня было ніякага недастатку.

Няхай і нашы вучацца быць першымі ў добрых справах для задавальнення пільных патрэб, каб не быць бясплоднымі.
 
Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў дабраўчыннасьці пільнай, каб ня былі бясплоднымі.

Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Благадаць з усімі вамі. Амінь.
 
Прывет табе ад усіх, што знайходзяцца зы мною. Паздароў тых, што любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.