Да Піліпянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Вітаўта Тумаша
Урэшце, браты мае́, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра тое ж самае для мяне не цяжка, а для вас павучальна.
Сцеражыцеся сабак, сцеражыцеся ліхіх дзеячаў, сцеражыцеся лжэабрэ́зання,
бо абрэ́занне — гэта мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Іісусам, а не на плоць спадзяёмся,
хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі нехта іншы думае, што можа спадзявацца на плоць, то тым больш я,
абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веніямінавага, Яўрэй з Яўрэяў, у адносінах да закону — фарысей,
па заўзятасці — ганіцель царквы Божай, паводле праведнасці законнай — бездакорны.
Але што для мяне было здабыткам, тое дзеля Хрыста я стаў лічыць стратаю.
Ды і ўсё я лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Іісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсяго пазбавіўся і ўсё лічу смеццем, каб здабыць Хрыста
і знайсці сябе ў Ім не са сваёю праведнасцю, якая ад закона, а з тою, якая праз веру ў Хрыста, з праведнасцю, якая ад Бога па веры;
каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрасення Яго, і ўдзел у пакутах Яго, прыпадабня́ючыся Яму ў смерці,
каб толькі дасягнуць уваскрасення з мёртвых.
Гэта не значыць, што я дасягнуў ужо ці стаў ужо дасканалым; але імкнуся, ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Іісус.
Браты, я не думаю пра сябе, што ўжо дасягнуў; адно толькі: забываючы тое, што ззаду, і сягаючы наперад,
імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Іісусе.
Дык вось, хто з нас дасканалы, так і павінен думаць; калі ж вы пра што інакш думаеце, то і гэта Бог вам адкрые.
Аднак, чаго мы дасягнулі, паводле такога правіла будзем жыць, гэтак і думаць.
Будзьце ўсе пераймальнікамі маімі, браты, і глядзіце на тых, што жывуць паводле ўзору, які вы маеце ў нас.
Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са слязьмі кажу, жывуць як ворагі крыжа Хрыстовага;
іх канец — пагібель, іх бог — чэрава, і слава іх — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
А наша грамадзянства — на нябёсах, адкуль мы і чакаем Спасіцеля, Госпада нашага Іісуса Хрыста,
Які пераўтворыць прынíжанае цела наша так, што яно стане падобным на слаўнае Цела Яго, праз уздзе́янне сілы Сваёй, якою Ён можа і падпарадкава́ць Сабе ўсё.