1 да Карынфянаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І я, браты, ня мог гаварыць з вамі, як з духовымі, але як з плацкімі, як зь нямаўлятамі ў Хрысьце.
 
І я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цялесным, як немаўлятам у Хрысьце.

Я паіў вас малаком, а ня цьвёрдай ежай, бо вы былí яшчэ бясьсільнымі, ды і цяпер вы яшчэ бясьсільныя.
 
Я паіў вас малаком, а не [карміў] ежай, бо вы былі яшчэ нямоглыя, дый цяпер яшчэ нямоглыя.

Таму што вы ўсё яшчэ плацкія. Бо калі між вамі зайздрасьць і спрэчка, і падзелы, (то) ці ня плацкія вы і ці ня па чалавечаму вы паступаеце?
 
Бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі між вамі зайздрасьць, сваркі і нязгода, дык ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечаму ходзіце?

Бо калі адзін кажа: «я Паўлавы», а другі (кажа): «я Апалёсавы», (то) ці ня плацкія вы?
 
Бо калі адзін кажа: «Я — Паўлавы», а другі: «Я — Апалёсавы», ці не цялесныя вы?

Дык хто ёсьць Павал? Хто ж (ёсьць) Апалёс? (Яны) толькі служкі, празь якіх вы паверылі, і як кожнаму (зь іх) даў Госпад.
 
Хто Павал? Хто Апалёс? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы паверылі, і кожны такі, як даў Госпад.

Я пасадзіў, Апалёс паліў, але рост даваў Бог;
 
Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але расьціў Бог.

так што ні той, хто насаджае ня зьяўляецца нечым (асабліва значным), ні той, хто палівае, але Той, Хто дае рост, Бог.
 
Так што ані той, які садзіў, ані той, які паліваў, ня ёсьць некім, але Той, Які дае расьці, — Бог.

А хто садзіць і хто палівае ёсьць адно; і кожны атрымае сваю ўзнагароду паводля сваёй працы.
 
А хто садзіць і хто палівае, ёсьць адно, і кожны атрымае сваю нагароду паводле сваёй працы.

Бо мы ёсьць супрацоўнікі Бога; (а) вы ёсьць ніва Бога (і) збудаваньне Бога.
 
Бо мы — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, Божая пабудова.

Паводля данай мне ад Бога Багада́ці я, як мудры будаўнічы заклаў падмурак, а другі на (ім) будуе; але кожны глядзі, як будуеш.
 
Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры будаўнічы, залажыў падмурак, а другі будуе [на ім]. Кожны няхай глядзіць, як будуе.

Бо ніхто закласьці ня можа другога падмурку, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
 
Бо ніхто ня можа залажыць іншага падмурку, апрача пастаўленага, які ёсьць Ісус Хрыстос.

Калі ж хто надбудоўвае на гэты падмурак (з) золата, срэбра, шматкаштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —
 
А калі хто будуе на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —

праца кожнага яўнай стане: бо дзень пакажа, таму што (яна бывае) выкрываемай у агні, — і кожнага працу, якая яна ёсьць, агонь выпрабуе.
 
работа кожнага выявіцца; бо дзень пакажа, таму што ў вагні адкрываецца, і агонь выспрабуе работу кожнага, якая яна ёсьць.

Калі чыя-небудзь праца, якую ён учыніў, трывае, той атрымае ўзнагароду.
 
Калі чыя работа, якую ён будаваў, застанецца, той атрымае нагароду.

Калі чыя-небудзь праца згарыць, той будзе мець шкоду; але сам будзе збаўлены, ды так, як бы праз агонь.
 
Калі чыя работа згарыць, той згубіць яе, сам жа будзе збаўлены, але так, як праз вагонь.

Хіба вы ня ведаеце, што вы ёсьць Сьвятыня Бога, і Дух Бога жыве ў вас?
 
Ці вы ня ведаеце, што вы — бажніца Божая, і Дух Божы жыве ў вас?

Калі хто Сьвятыню Бога руйнуе, таго зьнішчыць Бог, таму што Сьвятыня Бога ёсьць сьвятая, каторая ёсьць вы.
 
Калі хто зьнішчыць бажніцу Божую, таго зьнішчыць Бог, бо бажніца Божая сьвятая, а гэтая [бажніца] — вы.

Ніхто сябе ня абманавай: калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, то будзь няразумным, каб стаць мудрым.
 
Ніхто няхай ня зводзіць сам сябе. Калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым веку, няхай будзе дурным, каб быць мудрым.

Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць дурнотай перад Богам. Бо напісана: «Ён ловіць мудрых у хітрасьці іхнай».
 
Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць глупства перад Богам, бо напісана: «Ён ловіць мудрых у падступнасьці іхняй».

І яшчэ: «Госпад ведае думкі мудрых, што яны марныя».
 
І зноў: «Госпад ведае думкі мудрых, што яны марныя».

Так што ніхто ня хваліся людзьмі; бо ўсё вашае:
 
Так што ніхто няхай ня хва́ліцца між людзей, бо ўсё вашае:

ці Павал, ці Апалёс, ці Кіхва, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё вашае;
 
ці Павал, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё вашае;

вы ж Хрыстовыя, а Хрыстос Божы.
 
вы ж — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.