Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі прайшла субота на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыля Магдаліна і другая Марыля паглядзець магілу.
А позна пасля суботы, на досвітку першага дня ад суботы прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
І вось, стаўся вялікі землятрус: бо Ангел Госпада, які сыйшоў зь Неба, прыступіўшы адваліў камень ад дзьвераў (магілы) і сядзеў на ім.
І вось, страшна затрэслася зямля; бо Анёл Госпадаў сышоў з неба, і, падышоўшы, адваліў камень, і сядзеў на ім.
Выгляд жа яго быў, як маланка, і вопратка ягоная белая, як сьнег.
А выгляд яго быў — як маланка, і адзенне яго — як снег белае.
І ад страху перад ім ахоўнікі былі апанаваны такім трымценьням, што зрабіліся, як мёртвыя.
Ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя.
Ангел жа загаварыўшы да жанчын сказаў: вы ня бойцеся, бо ведаю, што шукаеце Ісуса раскрыжаванага;
А Анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Не бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса, Які быў укрыжаваны.
Яго тут няма, бо (Ён) уваскрэшаны як сказаў; падыдзіце, паглядзіце мейсца, дзе ляжаў Госпад
Няма Яго тут, бо Ён уваскрос, як сказаў. Ідзіце і паглядзіце на месца, дзе [Госпад] быў пакладзены.
ды пайшоўшы хутчэй скажыце вучням Ягоным: (Ён) уваскрэшаны зь мёртвых і вось перад вамі прыйдзе ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось (я) сказаў вам.
Ды хутчэй ідзіце, скажыце вучням Яго: “Ён уваскрос з мёртвых і вось раней вас ідзе ў Галілею; там Яго ўбачыце”. Вось, я сказаў вам».
І выйшаўшы борзда з магілы, са страхам і вялікай радасьцю пабеглі апавясьціць вучняў Ягоных.
І, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі яны, каб паведаміць вучням Яго.
Калі ж (яны) ішлі апавясьціць вучняў Ягоных, і вось Ісус спаткаў іх кажучы: радуйцеся! а яны, прыступіўшыся, абнялі Ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
[І калі яны ішлі апавясціць вучняў Яго,] вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Прывітаныя будзьце!» Яны ж падышлі, і ўпалі да ног Яго, і пакланіліся Яму.
Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзіце апавясьціце братоў Маіх каб ішлі ў Галілею, і там убачыце Мяне.
Тады гаворыць ім Ісус: «Не бойцеся. Ідзіце, абвясціце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць».
І калі яны ішлі, вось нікаторыя з варты прыйшоўшы ў места апавясьцілі архірэям усё, што здарылася.
А калі яны адышлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што здарылася.
І сабраныя са старэйшынамі і ўчыніўшы нараду, далí жаўнерам нямалыя грошы,
Тыя ж сабраліся са старэйшынамі і, учыніўшы раду, далі жаўнерам многа грошай,
кажучы: скажыце: вучні Ягоныя прыйшоўшы ноччу ўкралі Яго калі мы спалі.
кажучы: «Паведамляйце: “Вучні Яго прыйшлі ноччу і выкралі Яго, пакуль мы спалі”.
І калі (чуткі) пра гэта дойдуць да правіцеля мы пераканаем яго, і зробім вас свабоднымі ад няпрыемнасьцяў.
А калі пра гэта дачуецца намеснік, мы яго пераканаем і пазбавім вас пакарання».
Яны ж узяўшы грошы зрабілі як былí навучаны. І разыйшлося слова гэтае паміж жыдамі аж да сягоньняшняга дня.
Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.
А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус.
А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім загадаў Ісус.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а нікаторыя засумняваліся.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся; а некаторыя сумняваліся.
І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: дадзена Мне ўся ўлада на Небе і на зямлі.
Ісус жа, падышоўшы да іх, загаварыў, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.
Пайшоўшы ж, рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Ба́цькі, і Сына, і Сьвятога Духа,
Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа,
вучачы іх выконваць усё, што (Я) загадаў вам. І вось Я з вамі ўва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў. І вось, Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку». [Амін.]