Да Габрэяў 9 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І першы (Запавет) меў пастановы пра Богаслужбы і сьвяцілішча зямное.
 

Першая ж скінія была збудаваная; у першай частцы ейнай былі: сьвяцільнік, і стол, і хлябы (ахвярныя, сьвятарскія), яна называецца «Сьвятое».
 

За другой завесай — (другая частка) скініі, яна называецца «Сьвятое Сьвятых»,
 

якая мела залатую кадзільню і каўчэг Запавету, абкладзены з усіх бакоў золатам, у якім залаты посуд з манкаю і посах Агарона, які расьцьвіў, і пліты Запавету;
 

над ім — хэрубімы славы, якія ахінаюць (крыламі) ачысьцільню; пра што цяпер ня час гаварыць падрабязна.
 

Пры гэткім уладкаваньні ў першую (частку) скініі заўсёды ўваходзяць сьвятары, каб учыніць Богаслужбу;
 

у другую (частку) — адзін раз у год уваходзіць толькі адзін архірэй, і ня бяз крыві, якую прыносіць за сябе і грахі народу.
 

Гэтым Дух Сьвяты пака́звае, (што нам) яшчэ ня адкрыты шлях у Сьвятое Сьвятых, пакуль (законна) дзейнічае першая скінія,
 

якая ёсьць абраз цяперашняга (дагалготскага) часу, калі дары і ахвяры прыносяцца (такія), якія ня маюць сілы зрабіць дасканалым сумленьне таго, хто служыць, —
 

(і тычацца яны) толькі ежы і пітва, і розных абмываньняў і прадпісаны для цела, прызначаныя да часу выпраўленьня.
 

А Хрыстос, Архірэй будучых дабротаў, прыйшоўшы праз большую і дасканалейшую скінію, нярукатворную, гэта значыць ня такой будовы,
 

і ня праз кроў казлоў і (маладых) быкоў, але праз Сваю Кроў увайшоў аднойчы ў Сьвятое Сьвятых, здабыўшы вечнае збаўленьне.
 

Бо калі кроў быкоў і казлоў, і попел цялушкі, пры акрапленьні апаганеных асьвячае, і ачышчае чалавека ад грахоў,
 

то наколькі больш Кроў Хрыста, Які праз Духа Вечнага прынёс Сябе бяззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых учынкаў дзеля таго, каб служыць Богу жывому.
 

І таму Ён, Пасярэднік Новага Запавету, памёр дзеля адкупленьня грахоў, якія былí ўчынены ў першым Запавеце, каб прыкліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцанае.
 

Бо дзе завяшчаньне, там мусіць прыйсьці сьмерць завяшчальніка;
 

бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых, і таму ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
 

Таму і першы (Запавет) быў зацьверджаны ня бяз крыві.
 

Бо калі Масей, абвясьціўшы ўсе прыказаньні Закону ўсяму народу, узяўшы кроў быкоў і казлоў з вадой і чырвонай воўнай, і гізопам акрапіў скрутак (Закону) і ўвесь народ,
 

кажучы: «Гэта кроў Запавету, які запавядаў вам Бог».
 

Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд службовы.
 

І амаль ўсё паводля Закону ачышчаецца крывёю, і бяз праліцця крыві ня бывае дараваньня (грахоў).
 

Таму ніабходна (было), каб вобразы (зямная скінія з начыньнем і служэньнем) таго, што ёсьць на нябёсах былі ачышчаемымі тымі (ахвярамі паводля Закону), а самі нябесныя (íснасьці) — (каб былі ачышчаемымі) лепшымі ахвярамі, чым гэтыя (паводля Закону).
 

Бо ня ў рукатворную Сьвятыню ўвайшоў Хрыстос — копію сапраўднай (нябеснай Сьвятыні), але ў самое Неба, каб цяпер зьявіцца перад Абліччам Бога за нас;
 

і ня для таго, каб шматкроць прыносіць Сябе, як архірэй уваходзіць у Сьвяцілішча кожны год з чужой крывёю,
 

інакш Яму належала б шматкроць пакутаваць ад заснаваньня сьвету; а цяпер, пад канец вякоў Ён зьявіўся адзін (рашаючы) раз дзеля зьнішчэньня грэху праз Сваю ахвяру.
 

І як усім людзям прызначана аднойчы памерці, а пасьля гэтага суд,
 

так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру для таго, каб зьняць грахі з многіх, у другі раз ужо бяз ахвяры за грахі зьявіцца тым, хто Яго чакае на збаўленьне.