Псалтыр 35 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Псальм Давідавы. Судзіся, Ягова, з тымі, якія змагаюцца супраць мяне. Зваюй тых, якія зваёўваюць мяне!
Вазьмі малы шчыт і вялікі шчыт, і ўстань на дапамогу мне.
Выцягні меч і загарадзі дарогу перасьледавацелям маім. Скажы душы маёй: «Я збаўленьне тваё.»
Хай стануць пасаромленымі і паганьбленымі тыя, што шукаюць душу́ маю. Хай пахіснуцца і будуць пакрыты ганьбай тыя, што надумваюць ліхое супраць мяне.
Хай стануць яны, як палова перад ветрам, і Ангел Яговы хай праганяе іх;
хай шлях іхны будзе цёмны і коўзкі, і Ангел Яговы хай гоніць іх;
бо бяз прычыны яны ўкрадкам схавалі супраць мяне сетку сваю, і бяз прычыны выкапалі яму на душу́ маю.
Хай на яго прыйдзе загуба, пра якую ён ня ведае, і хай ягоная сетка, якую ён украдкам паклаў, хай зловіць яго самога; і хай ён уваліцца на пагібель (у выкапаную яму).
А мая душа будзе ўрачыста радавацца ў Ягову, радавацца ў Ягоным ратунку.
Усе мае косткі скажуць: хто ёсьць, як Ты, Ягова, Які ратуеш слабога ад дужэйшага за яго, убогага і беднага ад ягонага рабаўніка?
Паўстаюць хвальшывыя сьведкі, яны выпытваюць у мяне, чаго я ня ведаю.
Яны плацяць мне благім за дабро. Асірочваюць душу маю.
А я — як яны хварэлі, вопраткой маёй было жалобнае адзеньне. Я марыў пастом душу маю, а малітва сэрца майго вярталася назад.
Быццам бы гэта быў мой сябра, быў мой брат, так хадзіў я жалобна. Як той, што аплаквае матку, хадзіў я згорбіўшыся і панурыўшы галаву.
Але яны радаваліся аб маім спатыканьні, зьбіраюцца зьняважнікі супраць мяне, і я іх ня ведаю. Яны абмаўляюць і ня спыняюцца;
з гнуснымі насмешлівымі дармаедамі яны скрыгочуць супраць мяне зубамі.
Мой Госпад, як доўга Ты будзеш яшчэ на гэта глядзець? Адвядзі душу́ маю ад іхных злачынстваў, ад маладых ільвоў маю адзінокую!
Я буду славіць Цябе ў вялікім сходзе, буду ўсхваляць Цябе сярод шматлікага народу.
Хай ня пацяшаюцца нада мною тыя, якія нясправядліва варагуюць супраць мяне, хай ня пераміргваюцца вачыма тыя, якія нянавідзяць мяне бяз прычыны:
бо ня аб міры гавораць яны, але супраць ціхіх зямлі яны выдумваюць здрадлівыя словы.
І яны разявілі супраць мяне свае ляпы, яны кажуць: «ага, ага! бачыла нашае вока!»
Ты бачыў гэтае, Ягова! Дык ня маўчы! Госпадзе, ня аддаляйся ад мяне!
Прабудзіся і ўстань за маю правату, Бог мой і Госпад мой, за маю справядлівую справу!
Судзі мяне паводля Тваёй справядлівасьці, Ягова, Божа мой! І хай яны ня пацяшаюцца зь мяне!
Хай яны ня скажуць у сэрцы сваім: «Ага! Гэтага мы і хацелі!» Хай ня скажуць: «мы яго праглынулі!»
Хай будуць пасаромлены і зганьбаваны ўсе, якія радуюцца майму няшчасьцю. Хай будуць апрануты ў сорам і ганьбу ўсе, што нада мною вывышаюцца.
Хай радуюцца і ўрачыста радуюцца ўсе, што жадаюць справядлівасьці для мяне. Хай яны няўстанна гавораць: «хай будзе ўзьвялічаны Ягова, Які жадае для раба Свайго міру».
Хай мой язык хва́ліць Тваю справядлівасьць і сла́віць Цябе ўвесь дзень.