Псалтыр 95 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Прыйдзеце, урачыста засьпявайма Ягове! Ра́дасна ўсклікнем да Скалы нашага збаўленьня!
 

Станьма прад Абліччам Ягоным з падзякай; гучна засьпявайма Яму псальмы,
 

бо Бог вялікі ёсьць Ягова, і вялікі Кароль над усімі бага́мі,
 

у Ягонай Руцэ глыбіні зямлі, і Яму належаць вяршыні гораў,
 

Ягонае мора, і Ён стварыў яго, і сушу стварылі Рукі Ягоныя.
 

Прыйдзеце, суклонімся і ўпадзем. Укленчым перад Абліччам Яговы, Які стварыў нас,
 

бо Ён ёсьць Бог наш, і мы народ пасты Ягонай і авечкі Ягонай Рукі. Сёньня, калі вы Ягоны Голас чуеце,
 

ня зрабіце жорсткімі сэрца вашае, як у Мэрыбе, як у дзень спакушэньня ў пустэльні,
 

дзе ба́цькі вашыя спакушалі Мяне, выпрабоўвалі Мяне, хаця яны бачылі Дзею Маю.
 

Сорак гадоў Я цярпеў нараканьне ад роду гэтага, і Я сказаў: «Яны ёсьць народ заблуканыя сэрцам, і яны ня спазналі шляхоў Маіх.»
 

Таму і пакляўся Я ў гневе Маім: «яны ня ўвойдуць у Супакой Мой!»