Яна 8 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
А Ісус пайшоў на гару Аліўную,
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
а раніцай зноў прыйшоў у храм, і ўвесь люд ішоў да Яго; Ён сеў і вучыў іх.
Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І сеўшы, Ён вучыў іх.
Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, засьпетую на блудзе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
сказалі Яму: Настаўнік! гэтую жанчыну засьпелі на блудзе;
кажуць Яму: «Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве.
а Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш?
Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?»
Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб знайсьці што-небудзь і зьвінаваціць Яго, але Ісус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх.
Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
Калі ж папыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас бяз грэху, першы кінь у яе каменем.
Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе».
І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі.
І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумленьня, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
Ісус, схіліўшыся і ня бачачы нічога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе твае скаржнікі? ніхто не асудзіў цябе?
Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: «Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?»
Яна адказвала: ніхто, Госпадзе! Ісус сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы.
Яна сказала: «Ніхто, Госпадзе!» Ісус жа сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы».
Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця.
Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: «Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця».
Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, сьведчаньне Тваё ня ёсьць ісьціна.
Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё».
Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду.
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
Вы мяркуеце па плоці; Я ня суджу нікога;
Вы су́дзіце паводле цела; Я не суджу́ нікога.
а калі і суджу Я, дык суд Мой у ісьціне, бо Я не адзін, а Я з Айцом, Які паслаў Мяне;
А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне.
а і ў законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек — праўдзівае.
І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае.
Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне».
Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Ісус адказваў: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго.
Тады сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Адказаў Ісус: «Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
Гэтыя словы казаў Ісус каля скарбонкі, калі вучыў у храме; і ніхто ня ўзяў Яго, бо ня прыйшла часіна Ягоная.
Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці.
Зноў жа сказаў ім Ісус: «Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце».
Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»?
Юдэі ж казалі: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?»
Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету;
І сказаў Ён ім: «Вы — з нізу, а Я — з вышыні́; вы — з гэтага сьвету, Я — ня з гэтага сьвету.
таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых.
Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што Я гэта, паўміраеце ў грахах вашых».
Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам:
Тады яны сказалі Яму: «Хто ж Ты?» І сказаў ім Ісус: «Адпачатны, як і кажу вам.
многа маю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету.
Шмат ма́ю казаць пра вас і судзі́ць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету».
Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
Тады сказаў ім Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна.
І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму».
Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго.
Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні.
Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы — вучні Мае.
І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі.
І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»?
Яму адказалі: «Мы — насеньне Абрагама і нікому не былі нявольнікамі ніколі. Як жа Ты кажаш: “Станецеся вольнымі”?».
Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху;
Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.
але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна;
Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна.
дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце;
Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі.
ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
Ведаю, што вы — насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага».
Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б;
Яны адказалі і сказалі Яму: «Бацька наш — Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама.
а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем — Бога.
Вы робіце справы ба́цькі вашага». Тады сказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога».
Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне:
Ісус тады сказаў ім: «Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
Чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо ня можаце чуць слова Майго:
Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё.
ваш бацька д’ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды.
Ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні ба́цькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён — хлус і бацька хлусьні.
А як Я ісьціну кажу, дык ня верыце Мне.
А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.
Хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі Я кажу ісьціну, чаму вы ня верыце Мне?
Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне?
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога.
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога».
На гэта Юдэі адказвалі і сказалі Яму: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што дэман у Табе?
Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін і дэмана маеш?»
Ісус адказваў: ува мне дэмана няма, а Я шаную Айца Майго, а вы няславіце Мяне;
Адказаў Ісус: «Я дэмана ня ма́ю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажа́еце Мяне.
але ж Я ня шукаю Маёй славы: ёсьць Той, Хто шукае і судзіць;
Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і су́дзіць.
Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі».
Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек;
Тады сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе сьмерці на вякі.
няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш?
Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»
Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш;
Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая — нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён — Бог ваш.
і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму;
І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае.
Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся.
Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама?
Тады сказалі Яму Юдэі: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я.
Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць».
І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.
Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.