Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.
А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы Сваіх, якія ў гэтым сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх.
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
І калі была вячэра і д’ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
устае ад вячэры, скідвае з Сябе адзеньне і, узяўшы ручнік, падперазаўся.
потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
Потым налівае вады ва ўмывальніцу і пачынае абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падперазаны.
Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
Тады падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: «Госпадзе! Ці ж Табе абмываць ногі гэтыя?»
Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля».
Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
Пётар кажа Яму: «Не абмыеш ног маіх да веку». Адказаў яму Ісус: «Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часткі са Мною».
Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
Кажа Яму Сымон Пётар: «Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
Кажа яму Ісус: «Памытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты; і вы чыстыя, але ня ўсе».
Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
Бо ведаў, хто выдасьць Яго, таму сказаў: «Ня ўсе вы чыстыя».
А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
Калі ж Ён абмыў ногі іхнія і ўзяў адзеньне Сваё, узьлёгшы ізноў, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам?
Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
Вы клічаце Мяне “Настаўнік” і “Госпад”, і слушна кажаце, бо гэта Я і ёсьць.
Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, абмыў вашыя ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,
бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.
Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў.
Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэта робіце.
Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю тых, каго выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: “Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”.
Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, калі станецца, вы паверылі, што гэта Я ёсьць.
Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прыймае таго, каго Я паслаў, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне».
Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
Сказаўшы гэтае, Ісус усхваляваўся ў духу, і засьведчыў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне!»
Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
Тады вучні паглядалі адзін на аднаго, збянтэжаныя, пра каго Ён кажа.
А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
Адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў, узьлягаў на ўлоньні Ісуса.
яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
Яму дае знак Сымон Пётар, каб спытаўся, хто той, пра каго Ён кажа.
Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?
Той жа, прыхіліўшыся да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе! Хто гэта?»
Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.
Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я дам, абмачыўшы, лусту». І, абмачыўшы лусту, дае Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.
І за лустаю ўвайшоў у яго шата́н. Тады кажа яму Ісус: «Што робіш, рабі хутчэй».
Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.
Ніхто з тых, якія ўзьлягалі, таго не зразумеў, дзеля чаго Ён гэта сказаў яму.
А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.
А як у Юды была каліта́, некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: «Купі, што трэба нам на сьвята», ці каб даў нешта ўбогім.
Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.
Той жа, узяўшы лусту, адразу выйшаў; а была ноч.
Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;
Калі ён выйшаў, кажа Ісус: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім.
калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.
Калі Бог праслаўлены ў Ім, Бог праславіць Яго ў Сабе, і неўзабаве праславіць Яго.
Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.
Дзеткі, яшчэ трохі Я ёсьць з вамі. Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў Юдэям: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”, — так кажу цяпер і вам.
Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;
Новае прыказаньне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго.
Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
Па гэтым даведаюцца ўсе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.
Кажа Яму Сымон Пётар: «Госпадзе, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Ісус: «Куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці; але ўрэшце пойдзеш за Мною».
Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.
Кажа Яму Пётар: «Госпадзе! Чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? Я душу́ маю́ палажу за Цябе».
Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.
Адказаў яму Ісус: «Душу́ сваю за Мяне паложыш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: не прапяе певень, як тройчы адрачэшся ад Мяне.