Яна 13 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А перад святам Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла Яго гадзіна перайсці з гэтага свету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх у свеце, палюбіў іх да канца.
 
А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Яго гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы Сваіх, якія ў гэтым сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх.

І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Іуды Іскарыёта, Сіманавага сына, каб ён выдаў Яго,
 
І калі была вячэра і д’ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,

Ісус, ведаючы, што Бацька ўсё даў Яму ў рукі і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
 
Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,

устае ад вячэры, здымае вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся;
 
устае ад вячэры, скідвае з Сябе адзеньне і, узяўшы ручнік, падперазаўся.

пасля наліў вады ва ўмывальніцу і пачаў мыць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпяразаны.
 
Потым налівае вады ва ўмывальніцу і пачынае абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падперазаны.

Тады [Ісус] падыходзіць да Сімана Пятра, той кажа Яму: Госпадзе, Ты мне мыеш ногі?
 
Тады падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: «Госпадзе! Ці ж Табе абмываць ногі гэтыя?»

У адказ Ісус сказаў яму: «Што Я раблю, ты не ведаеш цяпер, але ўведаеш пасля гэтага».
 
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся пасьля».

Пётр кажа Яму: Не памыеш маіх ног павек. — Ісус адказаў яму: Калі не памыю цябе, то не будзеш мець супольнасці са Мною.
 
Пётар кажа Яму: «Не абмыеш ног маіх да веку». Адказаў яму Ісус: «Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часткі са Мною».

Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, не толькі мае ногі, але і рукі, і галаву.
 
Кажа Яму Сымон Пётар: «Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».

Ісус кажа яму: Абмытага няма патрэбы мыць, толькі ногі, ён жа чысты ўвесь; і вы чыстыя, але не ўсе.
 
Кажа яму Ісус: «Памытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты; і вы чыстыя, але ня ўсе».

Бо Ён ведаў таго, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
 
Бо ведаў, хто выдасьць Яго, таму сказаў: «Ня ўсе вы чыстыя».

Калі ж Ён памыў ім ногі [і] надзеў Сваю вопратку і ўзлёг зноў, Ён сказаў ім: Ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
 
Калі ж Ён абмыў ногі іхнія і ўзяў адзеньне Сваё, узьлёгшы ізноў, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам?

Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам і правільна кажаце, бо Я і ёсць такі.
 
Вы клічаце Мяне “Настаўнік” і “Госпад”, і слушна кажаце, бо гэта Я і ёсьць.

Калі ж Я, Госпад і Настаўнік, памыў ногі, — то і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.
 
Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, абмыў вашыя ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,

Бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.
 
бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: Раб не большы за свайго гаспадара, і пасланец не большы за таго, хто паслаў яго.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў.

Калі вы ведаеце гэта, то шчаслівыя вы, калі будзеце гэта рабіць.
 
Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэта робіце.

Не пра ўсіх вас кажу; Я ведаю, каго выбраў; але няхай спраўдзіцца Пісанне: «Той, хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту».
 
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю тых, каго выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: “Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”.

Ужо цяпер кажу вам, раней, чым гэта настане, каб вы ўверавалі, калі настане, што Я ёсць.
 
Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, калі станецца, вы паверылі, што гэта Я ёсьць.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто прымае Майго пасланца, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прыймае таго, каго Я паслаў, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне».

Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне.
 
Сказаўшы гэтае, Ісус усхваляваўся ў духу, і засьведчыў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне!»

Вучні глядзелі адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
 
Тады вучні паглядалі адзін на аднаго, збянтэжаныя, пра каго Ён кажа.

Адзін з Яго вучняў, каго любіў Ісус, узлягаў ля Ісусавых грудзей.
 
Адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў, узьлягаў на ўлоньні Ісуса.

Дык Сіман Пётр ківае яму, каб ён спытаўся, хто б гэта мог быць, пра каго Ён кажа.
 
Яму дае знак Сымон Пётар, каб спытаўся, хто той, пра каго Ён кажа.

Тады той, прыпаўшы да Ісусавых грудзей, кажа Яму: Госпадзе, хто гэта?
 
Той жа, прыхіліўшыся да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе! Хто гэта?»

Ісус адказвае: Той, каму Я абмакну і дам гэты кавалачак. — І, абмакнуўшы кавалачак, [бярэ і] дае Іуду [сыну] Сімана Іскарыёта.
 
Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я дам, абмачыўшы, лусту». І, абмачыўшы лусту, дае Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.

І тады, пасля гэтага кавалачка, увайшоў у таго сатана. І вось Ісус кажа яму: Што робіш, рабі хутчэй.
 
І за лустаю ўвайшоў у яго шата́н. Тады кажа яму Ісус: «Што робіш, рабі хутчэй».

[Але] ніводзін з тых, што ўзлягалі, не зразумеў, для чаго Ён сказаў яму гэта.
 
Ніхто з тых, якія ўзьлягалі, таго не зразумеў, дзеля чаго Ён гэта сказаў яму.

А таму, што ў Іуды была скарбонка, то некаторыя думалі, што кажа яму Ісус: «Купі, што нам трэба на свята», ці каб ён даў што-небудзь убогім.
 
А як у Юды была каліта́, некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: «Купі, што трэба нам на сьвята», ці каб даў нешта ўбогім.

Дык той, узяўшы кавалачак, адразу выйшаў. Была ж ноч.
 
Той жа, узяўшы лусту, адразу выйшаў; а была ноч.

Тады, калі ён выйшаў, кажа Ісус: Цяпер праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім.
 
Калі ён выйшаў, кажа Ісус: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім.

[Калі Бог праславіўся ў Ім], то і Бог праславіць Яго ў Сабе, і праславіць Яго зразу ж.
 
Калі Бог праслаўлены ў Ім, Бог праславіць Яго ў Сабе, і неўзабаве праславіць Яго.

Дзеткі, яшчэ нядоўга Я з вамі; будзеце шукаць Мяне, і, як Я сказаў іудзеям: «Куды Я іду, вы не можаце прыйсці», так і вам кажу цяпер.
 
Дзеткі, яшчэ трохі Я ёсьць з вамі. Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў Юдэям: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”, — так кажу цяпер і вам.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я вас палюбіў, каб і вы любілі адзін аднаго.
 
Новае прыказаньне даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго.

З гэтага ўведаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
 
Па гэтым даведаюцца ўсе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».

Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, куды Ты ідзеш? — Ісус адказаў [яму]: Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці ўслед за Мною, але пойдзеш услед за Мною пасля».
 
Кажа Яму Сымон Пётар: «Госпадзе, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Ісус: «Куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці; але ўрэшце пойдзеш за Мною».

Пётр кажа Яму: Госпадзе, чаму я не магу пайсці ўслед за Табою цяпер? Я сваё жыццё39 за Цябе пакладу.
 
Кажа Яму Пётар: «Госпадзе! Чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? Я душу́ маю́ палажу за Цябе».

Ісус адказвае: Сваё жыццё за Мяне пакладзеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не прапяе, як ты тройчы ад Мяне адрачэшся.
 
Адказаў яму Ісус: «Душу́ сваю за Мяне паложыш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: не прапяе певень, як тройчы адрачэшся ад Мяне.