2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,
 
Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім,

не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.
 
не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьне, нібы ад нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы.

Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,
 
Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо [дзень гэты ня прыйдзе], пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы,

які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.
 
які супрацівіцца і вывышаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў сьвятыні Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён — бог.

Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?
 
Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?

І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.
 
І цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час.

Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, —
 
Бо таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забра́ны спасярод.

і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,
 
І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем пры́йсьця Свайго,

таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,
 
таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шата́на, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі,

і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.
 
і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі.

І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,
 
І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблу́ды, каб верылі хлусьні́,

хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.
 
каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць.

А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне,
 
А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне,

да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
да якога і паклікаў вас праз Эва́нгельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым.
 
Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.

А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце,
 
Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы,

няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.
 
няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай.