2 да Карынфянаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?
 

Вы — нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;
 

вы паказваеце сабою, што вы — пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.
 

Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста,
 

не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога;
 

Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.
 

Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага,
 

дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе!
 

Бо калі служэньне асуджэньня — слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня.
 

Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага.
 

Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць.
 

Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,
 

а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.
 

Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.
 

Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;
 

але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.
 

Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.
 

А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.