Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;
А ў першы дзень тыдня на досвітку, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да магілы Марыя Магдалена і ўбачыла, што камень адвалены ад магілы.
і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.
Дык пабегла і прыйшла да Сімона Пётры і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і не ведаем, дзе Яго паклалі!»
Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
Дык выйшлі тады Пётра і той другі вучань ды прайшлі да магілы.
яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,
І беглі яны абодва разам, але той першы вучань апярэдзіў Пётру і першы дабег да магілы,
і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.
і, нахіліўшыся, убачыў пакладзеную плашчаніцу, аднак не ўвайшоў.
Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.
Прыйшоў затым следам і Сімон Пётра, і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў пакладзеную плашчаніцу
і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.
і хусту, якая была на Яго галаве, і ляжала не разам з плашчаніцай, але асобна скручаная на адным месцы.
Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;
Тады ўвайшоў туды і той вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў.
бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.
Бо яны яшчэ не разумелі Пісання, што трэба было, каб Ён уваскрос з мёртвых.
І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.
Тады вучні зноў вярнуліся да сябе.
А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
А Марыя стаяла звонку ад магілы, плачучы. Калі ж яна галасіла, то нахілілася да магілы
і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
і ўбачыла двух анёлаў у белым, што сядзелі, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было пакладзена цела Ісуса.
І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
І кажуць яны ёй: «Жанчына, чаго плачаш?» Кажа ім: «Узялі Госпада майго, і не ведаю, дзе паклалі»
Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла — стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
Як сказала гэта, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, а не ведала, што гэта Ісус.
Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
Кажа ёй Ісус: «Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?» А яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Гаспадару, калі ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я вазьму Яго».
Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! — што азначае: Настаўнік!
Кажа ёй Ісус: «Марыя!» А яна, павярнуўшыся, кажа Яму па-гебрайску: «Рабоні!», што значыць «Настаўнік».
Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага і Бога Майго і Бога вашага».
Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
Дык пайшла Марыя Магдалена, каб абвясціць вучням: «Я бачыла Госпада!» і што Ён ёй гэта сказаў.
У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!
Калі ж настаў вечар таго першага дня тыдня і там, дзе былі вучні, дзверы былі замкнёныя дзеля страху перад юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»
Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі (і ногі) і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.
І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада.
А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
Сказаў ім зноў: «Супакой вам! Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас».
Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:
І, калі гэта сказаў, дыхнуў на іх і кажа ім: «Вазьміце Духа Святога.
каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
Каму б ні адпусцілі вы грахі, тым яны адпушчаны; каму б ні затрымалі, [на тым] яны затрымаліся».
А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
А Тамаш, адзін з дванаццаці, званы Дыдымас, не быў разам з імі, калі прыйшоў Ісус.
Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.
Казалі яму іншыя вучні: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі не ўбачу ран ад цвікоў на руках Яго, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу сваёй рукі ў бок Яго, не ўверу».
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
І па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме, і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус, калі дзверы былі замкнёны, і стаў пасярод іх, і сказаў: «Супакой вам».
Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.
Потым сказаў Тамашу: «Укладзі палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой, ды не будзь бязверным, але верным».
Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой!
Адказаў Тамаш і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!»
Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы — паверылі.
Кажа яму Ісус: «Ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчасныя тыя, што не бачылі Мяне, а ўверылі».
Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай;
Многа яшчэ іншых знакаў учыніў Ісус у прысутнасці вучняў Сваіх, якія не запісаны ў гэтай кнізе;
а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.
гэтыя ж запісаны, каб вы верылі, што Ісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, ды каб, верачы, мелі жыццё ў імя Яго.