Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Я — сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой — Вінаградар;
Я ёсць праўдзівая вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.
кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду.
Кожную галінку, якая ўва Мне не прыносіць плода, Ён адсякае, а кожную, што прыносіць плод, тую ачышчае, каб болей прыносіла плода.
Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам.
Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
Заставайцеся ўва Мне, і Я — у вас. Як галінка не можа прыносіць плод сама з сябе, калі не застанецца на вінаграднай лазе, так і вы, калі не застанецеся ўва Мне.
Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога.
Я — вінаградная лаза, а вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, і Я — у ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы не можаце нічога зрабіць.
Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць;
Калі хто не застанецца ўва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і збяруць гэтыя [галінкі], і кінуць у агонь, і яны згараць.
калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам.
Калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам.
Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі.
У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плода прынесяце ды станецеся Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй,
Як Мяне ўзлюбіў Айцец, так і Я ўзлюбіў вас; заставайцеся ў Маёй любові.
калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Калі зберажаце Мае прыказанні, застанецеся ў Маёй любові, як і Я збярог прыказанні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная.
Гэта Я вам сказаў, каб радасць Мая была ў вас, ды каб радасць ваша была поўнай.
Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Гэта вось Мае прыказанні, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я ўзлюбіў вас;
Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх.
ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў.
Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам;
Вы — сябры Мае, калі рабіць будзеце тое, што Я загадваю вам.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго.
Ужо Я вас не называю паслугачамі, бо паслугач не ведае, што робіць гаспадар яго; а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, зрабіў вядомым вам.
Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, ды каб ваш плод заставаўся, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.
Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
Калі вас свет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зненавідзеў раней за вас.
Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
Каб вы былі са свету, свет любіў бы тое, што яго; але вы не са свету, бо Я вас выбраў са свету, таму вас свет ненавідзіць.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
Памятайце Мае словы, якія Я вам сказаў: паслугач не большы за гаспадара свайго. Калі Мяне пераследавалі, дык і вас пераследаваць будуць; а калі вы Маё слова збераглі, дык і ваша берагчы будуць.
але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо не ведаюць Таго, Хто Мяне паслаў.
Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, не мелі б граху, але цяпер не маюць апраўдання за свой грэх.
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
Калі б не рабіў спраў сярод іх, якіх не рабіў ніхто іншы, не мелі б граху; але ж цяпер і бачылі, і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.
Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
Але, каб споўнілася слова, якое запісана ў іх законе: “Зненавідзелі Мяне без прычыны”.
Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
А калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сведчыць будзе;
А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
але і вы сведчыць будзеце, бо вы ад пачатку са Мною.