Яна 17 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
 
Так прамаўляў Ісус; і, падняўшы вочы Свае да неба, сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна: праслаў Сына Твайго, каб і Сын праславіў Цябе,

бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:
 
як Ты даў Яму ўладу над кожным целам, каб усім, каго Ты даў Яму, Ён даў жыццё вечнае.

а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.
 
А гэтае жыццё вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, Ісуса Хрыста.

Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;
 
Я праславіў Цябе на зямлі, завяршыў справу, якую Ты Мне даў, каб зрабіў;

І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.
 
а цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самаго славаю, якую Я меў у Цябе перш, чым паўстаў свет.

Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;
 
Я аб’явіў імя Тваё людзям, якіх Ты мне даў са свету. Яны былі Твае, і Ты іх Мне даў, і яны збераглі слова Тваё.

цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;
 
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты Мне даў, гэта ад Цябе ёсць.

бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.
 
Бо словы, якія Ты Мне даў, Я перадаў ім, і яны іх прынялі, ды пазналі, што Я ад Цябе выйшаў, і яны ўверылі, што Ты Мяне паслаў.

Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
 
Я за іх прашу, не прашу за свет, але за тых, якіх Ты Мне даў, бо яны — Твае,

і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я праславіўся ў іх.
 
і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я ў іх праслаўлены.

Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.
 
Я ўжо не ў свеце, але яны ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча Святы, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы.

Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.
 
Калі Я быў з імі ў свеце, Я захоўваў іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, і ўсцярог, і ніхто з іх не загінуў, толькі сын загубы, каб споўнілася Пісанне.

А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.
 
А цяпер іду да Цябе і гавару гэта на свеце, каб яны радасць Маю поўную мелі ў сабе.

Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
 
Я перадаў ім слова Тваё, і свет іх зненавідзеў, бо яны не са свету, як і Я не са свету.

Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога;
 
Не прашу, каб іх узяў са свету, але каб іх захаваў ад ліха.

яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
 
Яны не са свету, як і Я не са свету.

Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда.
 
Асвяці іх у праўдзе; Слова Тваё ёсць праўда.

Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет;
 
Як Ты Мяне паслаў у свет, і Я іх паслаў у свет,

і за іх Я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю.
 
і за іх Я прысвячаю Сябе Самога, каб і яны былі асвечаны ў праўдзе.

Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага:
 
Я не толькі за іх прашу, але і за тых, што праз словы іх павераць у Мяне,

хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, — каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
 
каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў.

І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя.
 
І славу, якую Ты Мне даў, Я перадаў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно,

Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
 
Я ў іх, і Ты ўва Мне так, каб былі ў адзінстве дасканалымі, і каб свет пазнаў, што Ты Мяне паслаў ды палюбіў іх, як і Мяне палюбіў.

Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет;
 
Ойча, хачу, каб тыя, якіх Ты Мне даў, былі са Мной там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо Ты Мяне палюбіў перад стварэннем свету.

Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне;
 
Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, але Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў,

і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.
 
і Я з’явіў ім імя Тваё, і з’яўляю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».