Дзеі 17 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.
Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, прыбылі яны ў Тэсалоніку, дзе юдэі мелі сінагогу.
Павал, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гаварыў зь імі паводле Пісаньняў,
Па звычаі сваім Паўла ўвайшоў да іх і на працягу трох субот разбіраў з імі Пісанне,
адкрываючы і даказваючы ім, што мусіў Хрыстос пацярпець і ўваскрэснуць зь мёртвых, і што Гэты Хрыстос ёсьць Ісус, Якога я прапаведую вам.
даводзячы і паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых ды што: «Ісус, Якога я вам абвяшчаю, і ёсць гэты Хрыстос».
І некаторыя зь іх уверавалі і далучыліся да Паўла і Сілы, — як безьліч з шаноўцаў Бога Элінаў, так і знакамітых жанчын нямала.
І некаторыя з іх уверылі і далучыліся да Паўлы і Сілы, таксама і вялікая колькасць веруючых грэкаў, і нямала высакародных жанчын.
А Юдэі, якія не ўверавалі, пазайздросьціўшы і пабраўшы з плошчы многіх нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад і, падступіўшы да дома Ясона, дамагаліся вывесьці іх да людзей.
Тады зайздросныя юдэі, узяўшы з рынку нейкіх нягодных людзей і ўчыніўшы натоўп, збунтавалі горад і, знайшоўшы дом Язона, шукалі іх, каб вывесці да народа.
А не знайшоўшы іх, павалаклі Ясона і некаторых братоў да гарадзкіх начальнікаў з крыкам, што гэтыя сусьветныя падбухторшчыкі прыйшлі і сюды,
І, не знайшоўшы іх, павалаклі Язона ды некаторых братоў да палітархаў, крычучы: «Тыя, якія бунтуюць увесь свет, прыйшлі таксама сюды,
а Ясон прыняў іх, і ўсе яны ўчыняюць насуперак загадам кесаравым, уважаючы іншага за цара, Ісуса.
і Язон іх прыняў. А яны ўсе выступаюць супраць загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы Валадар — Ісус».
І ўстрывожылі людзей і начальнікаў горада, якія слухалі гэта,
Такім чынам узбурылі яны натоўпы і палітархаў, якія гэта слухалі;
але гэтыя, атрымаўшы заруку ад Ясона і іншых, адпусьцілі іх.
і, узяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусцілі іх.
А браты адразу ўначы адправілі Паўла і Сілу ў Вэрыю, прыбыўшы куды, яны пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.
Зараз жа ўначы браты выправілі Паўлу і Сілу ў Бэрэю. Калі яны туды прыбылі, пайшлі ў юдэйскую сінагогу.
Тутэйшыя былі больш дабрамысныя за Фесалоніцкіх: яны прынялі слова з усёй шчырасьцю, дзень у дзень разьбіраючы Пісаньні, ці так яно акурат ёсьць.
Гэтыя былі разумнейшыя за тых, што ў Тэсалоніцы, і прынялі слова з усёю руплівасцю ды штодзень разбіралі Пісанне, ці так гэта ёсць.
І многія зь іх уверавалі, і з Элінскіх знакамітых жанчын і з мужчын нямала.
І многа з іх уверыла, а таксама нямала высакародных жанчын грэцкіх ды мужчын.
Але калі Фесалоніцкія Юдэі даведаліся, што і ў Вэрыі прапаведана Паўлам слова Божае, дык прыйшлі і туды, узрушаючы і бунтуючы людзей.
Калі юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што таксама ў Бэрэі Паўла прапаведуе слова Божае, прыбылі і туды, падбураючы і хвалюючы многіх.
Тады браты адразу адпусьцілі Паўла, быццам ідзе ён да мора; а Сіла і Цімафей засталіся там.
Тады браты безадкладна выправілі Паўлу, каб ішоў ён аж да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
Паўлавыя праваднікі давялі яго да Афінаў і, атрымаўшы наказ да Сілы і Цімафея, каб яны хутчэй прыйшлі да яго, выправіліся.
Тыя, што праводзілі Паўлу, завялі яго аж у Атэны ды вярнуліся, атрымаўшы ад яго загад Сіле і Цімафею, каб чым хутчэй прыйшлі да яго.
Чакаючы іх у Афінах, Павал узрушыўся духам, убачыўшы гэты горад поўны ідалаў.
Чакаючы іх у Атэнах, Паўла абураўся ў духу сваім, бачачы горад, аддадзены балванахвальству.
І вось ён разважаў у сынагозе зь Юдэямі і з богашаноўцамі і штодня на плошчы з выпадковымі.
Таксама дыспутаваў у сінагозе з юдэямі і з богабаязнымі ды штодзень на плошчы з тымі, з якімі сустракаўся.
Некаторыя эпікурэйскія і стаічныя філосафы пачалі спрачацца зь ім; і адны казалі: «што хоча сказаць гэты марнаслоў?», а другія: «здаецца, ён прапаведуе чужых божышчаў», бо ён зьвеставаў ім Ісуса і ўваскрэсеньне.
Некаторыя з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім. І некаторыя казалі: «Што хоча сказаць гэты балбатун?» Іншыя ж: «Здаецца, што ён абвяшчае новых багоў», бо дабравесціў ім Ісуса і ўваскрэсенне.
І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг і казалі: ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне, якое ты прапаведуеш?
І, узяўшы яго, завялі ў Арэапаг, і запыталі: «Ці не маглі б мы даведацца, якое новае вучэнне ты выкладаеш?
Бо нешта дзіўнае ўкладваеш ты ў вушы нашыя; таму хочам ведаць, што гэта такое?
Бо нейкія дзівосныя рэчы ўкладаеш ты ў нашы вушы. Дык хацелі б даведацца, што гэта мае быць».
А ўсе Афіняне і аселеныя ў іх чужынцы нічым так ахвотна не займалі час, як тым, каб гаварыць або слухаць што-небудзь новае.
Усе ж атэнцы і іншаземцы-прыхадні нічым іншым не бавяць час, як толькі гавораць або слухаюць нешта новае.
І Павал, стаўшы сярод арэапага, сказаў: Афіняне! з усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя.
Дык Паўла, стаўшы сярод Арэапагу, гаворыць: «Мужы атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя.
Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «невядомаму Богу». Вось Яго, Якога вы, ня ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам:
Бо, праходзячы ды аглядаючы вашы святыні, напаткаў і ахвярнік, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.
Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве
Бог, Які стварыў свет ды ўсё, што ў ім, Ён — Госпад неба і зямлі, не пражывае ў святынях рукатворных
і не вымагае служэньня рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыцьцё і дыханьне і ўсё.
ды не патрабуе паслугі рук чалавечых, як быццам Яму чаго нестае, бо Ён Сам дае ўсім жыццё, і дыханне, і ўсё.
З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улоньні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражываньню,
Ён з адной [крыві] учыніў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім абліччы зямлі, вызначаючы пэўны час і межы іх пражывання,
каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, і ці ня знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас:
каб шукалі Бога, ці не дакрануцца да Яго часам, ці не знойдуць, хоць Ён недалёка ад кожнага з нас.
бо мы Ім жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: «мы Ягоныя і род».
Бо мы ў Ім жывём, рухаемся ды існуем, як сказалі некаторыя з вашых паэтаў: “Мы ж ёсць і род Яго”.
І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай.
Дык, калі мы — род Божы, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або срэбра, або каменя, твора мастацтва або розуму чалавечага.
І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца;
І вось, зважаючы на часы няведання, Бог цяпер заклікае людзей, каб усе паўсюдна навярталіся,
бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых.
таму што вызначыў дзень, у які будзе судзіць свет справядліва і праз Чалавека, Якога [на гэта] прызначыў, даўшы ўсім пэўнасць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».
Пачуўшы пра ўваскрэсеньне зь мёртвых, адны насьміхаліся, а другія казалі: пра гэта паслухаем цябе іншым часам.
Пачуўшы пра ўваскрэсенне мёртвых, адны насміхаліся, а іншыя казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам».
І тады Павал выйшаў з асяродзьдзя іхняга.
І гэтак Паўла выйшаў з іх асяродка.
А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверавалі; сярод іх быў Дыянісій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Дамар, і іншыя зь імі.
Некаторыя, аднак, далучыліся да яго і ўверылі, між якімі і Дыянізій Арэапагіт ды жанчына на імя Дамара, і іншыя з імі.