Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам.
1 І, калі спаўняўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым жа месцы.
І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі.
І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх.
І паказаліся ім паасобна языкі, як бы агнявыя, і паселі на кожнага з іх;
І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць.
і напоўнены былі яны ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.
А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі.
Жылі тады ў Ерузаліме юдэі, людзі пабожныя, з усіх народаў, што ёсць пад небам;
Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове.
і, калі ўзняўся гэты голас, збеглася мноства людзей, і дзівіліся, бо кожны чуў іх, як прамаўлялі на яго мове.
І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне?
Слупянелі яны і дзівіліся, кажучы: «Ці ж вось гэтыя ўсе, што прамаўляюць, не галілейцы?
Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся,
Дык як жа мы кожны чуем сваю ўласную мову, у якой мы нарадзіліся?
Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі,
Парты і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты,
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыма,
Крыцяне і Аравіцяне, — чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?
а таксама юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — чуем, што яны гавораць пра веліч Божую на нашых мовах».
І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае?
І слупянелі ўсе, і не разумелі гэтага, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном.
А іншыя, падсмейваючыся, казалі: «Можа быць, яны напіліся маладога віна?»
А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае:
Тады Пётра, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў голас свой і сказаў ім: «Мужы юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і ўспрыміце вушамі мае словы!
яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня;
Гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,
а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем:
але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:
«І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца;
“І будзе: у апошнія дні, — кажа Бог, — вылью ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы, і старыя вашы будуць бачыць сны.
і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць.
І на паслугачоў Маіх і на паслугачак вылью ў тыя дні ад Духа Майго, і будуць праракаваць.
І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым:
І дам цуды на небе, угары, ды знакіна зямлі, унізе кроў і агонь, і слупы дыму;
сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены.
сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны.
І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца».
І будзе: кожны, хто будзе прызываць імя Госпада, будзе збаўлены”.
Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце,
Мужы ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Ісуса з Назарэта, Мужа, засведчанага перад вамі Богам моцамі, цудамі і знакамі, якія Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,
Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі;
Яго вось, Які паводле вызначанага рашэння і наканавання Божага быў выдадзены, вы, рукамі беззаконных укрыжаваўшы, забілі,
але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго.
але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.
Бо Давід кажа пра Яго: «бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся.
Бо Давід кажа адносна Яго: “Стаяў я перад Богам маім заўсёды; паколькі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.
Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні,
Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё і ўзвесялілася душа мая; звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.
бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне.
Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне.
Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім».
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго”.
Мужы браты! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень;
Мужы браты, хай дазволена мне будзе сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сённяшняга дня.
а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным,
Як прарок, ён ведаў, што Бог прысягаў яму вернай прысягай, што ад плода сцёгнаў яго [паводле цела паставіць Хрыста і] пасадзіць на пасадзе Яго,
ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня.
і, прадбачачы будучыню, гаварыў пра ўваскрэсенне Хрыста, што [душа Яго] не застанецца ў пекле, ды што цела Яго не ўбачыць парахнення.
Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі.
Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе — сведкі гэтага.
І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.
Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, і выліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
Бо Давід не ўзышоў у неба, аднак ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх».
аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.
Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
Дык хай вельмі цвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі, Бог учыніў Госпадам і Хрыстом».
Чуючы гэта, яны ўмілаваліся сэрцам і сказалі Пятру і астатнім апосталам: што нам рабіць, мужы браты?
Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пётры і іншых апосталаў: «Дык што маем мы рабіць, мужы браты?»
А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, — і атрымаеце дар Сьвятога Духа;
А Пётра [сказаў] ім: «Учыніце навяртанне, і хай кожны з вас прыме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэнне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Святога;
бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш.
бо вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш».
Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага.
І многімі іншымі словамі сведчыў і ўшчуваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».
І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч;
Дык тыя, што прынялі яго словы, былі ахрышчаны; і ў той дзень было далучана каля трох тысяч душ.
і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах.
І трывалі яны ў навуцы апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме.
І страх быў у кожнай душы, бо апосталы чынілі мноства знакаў і цудаў.
А ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае:
Усе тыя, што ўверылі, былі разам ды ўсё мелі супольнае,
і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасьць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага;
і прадавалі маёмасць і ўласнасць ды дзялілі яе між тымі, у каго якая была патрэба;
і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца,
і штодзень аднадушна заставаліся ў святыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Гасподзь штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся.
славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа. Госпад жа штодзень дадаваў [да царквы] тых, што мелі быць збаўлены.