Дзеі 19 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі Апалос быў у Карынфе, Павал, абышоўшы горныя землі, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там некаторых вучняў
І сталася, калі Апалос быў у Карынце, Паўла, прайшоўшы ўзгорыстыя мясцовасці, прыйшоў у Эфес ды напаткаў нейкіх вучняў,
і сказаў ім: ці прынялі вы Сьвятога Духа, увераваўшы? А яны сказалі яму: мы нават і ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты.
і сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, уверыўшы?» А яны яму: «Мы нават не чулі, ці ёсць Дух Святы».
Ён сказаў ім: у што ж вы хрысьціліся? Яны адказвалі: у Янава хрышчэньне.
Тады ён гаворыць: «Дык які хрост вы прынялі?» А яны сказалі: «Хрост Янаў».
Павал сказаў: Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб веравалі ў Таго, Хто ідзе пасьля яго, гэта значыцца, у Хрыста Ісуса.
Тады Паўла сказаў: «Ян хрысціў хростам навяртання, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, Хто прыйдзе па ім, значыць у Ісуса».
Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса,
Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Ісуса.
і, калі Павал усклаў на іх рукі, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі і прарочылі.
І калі Паўла ўсклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх, і гаварылі мовамі, і праракавалі.
Усіх іх было чалавек з дванаццаць.
Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчын.
Прыйшоўшы ў сынагогу, ён не бяз страху прапаведаваў тры месяцы, гутарыў і сьведчыў пра Царства Божае.
Затым, увайшоўшы ў сінагогу, адважна прамаўляў, на працягу трох месяцаў дыспутуючы і пераконваючы пра Валадарства Божае.
А калі некаторыя ўгневаліся і ня верылі, ліхасловячы шлях Гасподні перад людзьмі, дык ён, пакінуўшы іх, вылучыў вучняў і кожны дзень прапаведаваў у школе нейкага Тырана.
Але паколькі некаторыя закамянелі і не верылі, знеслаўляючы шлях перад натоўпамі, дык аддзяліўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тыранаса.
Гэта доўжылася да двух гадоў, так што ўсе жыхары Асіі чулі казань пра Госпада Ісуса, як Юдэі, так і Эліны.
Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, і юдэі, і грэкі, мелі магчымасць слухаць слова Госпада [Ісуса].
А Бог тварыў шмат цудаў Паўлавымі рукамі,
І Бог чыніў не абы-якія цуды праз рукі Паўла,
так што на хворых ускладвалі хусткі і паясы зь цела ягонага, і іх пакідалі хваробы, і злыя духі выходзілі зь іх.
так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі.
Нават некаторыя вандроўныя заклінальнікі Юдэйскія пачалі заклікаць імя Госпада Ісуса над тымі, што былі апанаваныя злымі духамі, кажучы: заклінаем вас Ісусам, Якога Павал прапаведуе.
Дык некаторыя падарожныя экзарцысты юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Ісуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: «Заклінаю вас праз Ісуса, Якога прапаведуе Паўла».
Гэта рабілі нейкія сем сыноў Юдэйскага першасьвятара Скевы.
Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Скевы, першасвятара юдэйскага.
Але злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы, а вы хто?
А ліхі дух, адказваючы, сказаў ім: «Ісуса я ведаю і Паўлу ведаю, а вы хто такія?»
І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.
І кінуўся на іх чалавек, у якім быў ліхі дух, і, атрымаўшы зверхнасць над усімі, адолеў іх так, што голыя і пакалечаныя ўцяклі з таго дома.
Гэта стала вядома ўсім Юдэям і Элінам, што жылі ў Эфэсе, і напаў страх на ўсіх іх, і слаўлена было імя Госпада Ісуса;
І даведаліся пра гэта ўсе юдэі і грэкі, якія жылі ў Эфесе, і страх ахапіў іх усіх, і славілі імя Госпада Ісуса.
А многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы ўчынкі свае.
І многа веруючых прыходзіла, вызнаючы і абвяшчаючы ўчынкі свае.
А з тых, што займаліся чарадзействам, даволі многія, пазьбіраўшы кнігі свае, спалілі іх перад усімі; і палічылі цэны іх, і выйшла іх на пяцьдзясят тысяч драхмаў.
Многа таксама з тых, што займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і падлічылі кошт іх, і аказалася пяцьдзесят тысяч срэбранцаў.
З такою сілаю ўзрастала і перамагала слова Гасподняе.
Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.
Калі ж гэта зьдзейсьнілася, Павал пастанавіў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерусалім, сказаўшы: пабыўшы там, я павінен пабачыць і Рым.
Зрабіўшы ўсё гэта, Паўла намерыўся ў Духу, прайшоўшы праз Мацэдонію і Ахаю, ісці ў Ерузалім, кажучы: «Пасля таго, як пабуду там, належыць мне і Рым убачыць».
І паслаўшы ў Македонію двух, што служылі яму, Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Асіі.
Дык выслаў у Мацэдонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.
У той час падняўся немалы бунт супроць шляху Гасподняга;
І сталася ў той час немалое забурэнне з прычыны шляху [Госпадава].
бо нейкі срэбранік, якога звалі Дзімітрый, які ўзводзіў срэбныя храмы Артэміды і даваў рамесьнікам немалы прыбытак,
Адзін срэбранік, на імя Дэметр, які вырабляў срэбраныя фігуры Артэміды і гэтым даваў неблагі заробак рамеснікам,
склікаўшы іх і іншых такіх рамесьнікаў, сказаў: сябры! вы ведаеце, што на гэтым рамястве палягае добры дастатак наш;
сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамяства і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамяства нам дабрабыт.
тым часам вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Асіі гэты Павал сваімі пераконваньнямі затлуміў нямала людзей, кажучы, што робленыя рукамі людзкімі — не багі;
Але бачыце і чуеце, што не толькі у Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Паўла, пераконваючы, зводзіць шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, зробленых рукамі.
А гэта нам пагражае тым, што ня толькі рамяство нашае заняхаіцца, але і храм вялікай багіні Артэміды ў нішто абернецца, і зьнішчыцца веліч тае, якую шануе ўся Асія і ўвесь сьвет.
Дык пагражае небяспека, што не толькі наша рамяство ўпадзе, але і святыня вялікай багіні Артэміды за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена велічы сваёй».
Выслухаўшы гэта, яны споўніліся лютасьці і пачалі крычаць, кажучы: вялікая Артэміда Эфэская!
Калі яны гэта пачулі, напоўніліся гневам і крычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
І ўвесь горад напоўніўся смутай; схапіўшы Македонцаў Гаія і Арыстарха, спадарожнікаў Паўлавых, яны аднадушна памкнуліся на відовішча.
І замяшанне напоўніла ўвесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, мацэдонцаў, таварышаў Паўлы, з імпэтам кінуліся аднадушна ў тэатр.
Калі ж Павал хацеў выйсьці да людзей, вучні не дазволілі яму;
Калі ж Паўла хацеў выйсці да народа, вучні не пусцілі яго;
таксама і некаторыя Асійскія начальнікі, якія былі сябрамі ягонымі, паслалі да яго прасіць — не паказвацца на відовішчы.
таксама некаторыя прыхільныя да яго азійскія начальнікі паслалі да яго, просячы, каб ён не ішоў у тэатр.
Тым часам адны крычалі адно, а другія другое; бо сход быў бязладны, і большая частка людзей ня ведала, дзеля чаго сабраліся.
І адны крычалі адно, а іншыя — другое, бо сабранне было бурлівае, і многія не ведалі, з якой нагоды сышліся.
На прапанову Юдэяў зь люду выбралі нейкага Аляксандра. Даўшы знак рукою, Аляксандр хацеў гаварыць да людзей.
З натоўпу вывелі Аляксандру, якога выпіхалі юдэі. Аляксандра, даўшы знак рукою, каб змоўклі, хацеў даць народу тлумачэнні.
Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, дык закрычалі ўсе ў адзін голас, і каля дзьвюх гадзін крычалі: вялікая Артэміда Эфэская!
Калі ж даведаліся, што ён — юдэй, то ўсчыніўся суцэльны голас, і ўсе крычалі каля дзвюх гадзін: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
А захавальнік парадку, уціхамірыўшы людзей, сказаў: мужы Эфэскія! які чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служнік вялікай багіні Артэміды і Дыяпэта?
І пісар, калі супакоіў натоўпы, сказаў: «Эфесцы! Ці ёсць чалавек, які не ведае, што горад Эфес славіць вялікую Артэміду і што фігура яе Зеўсам спушчана?
А калі супраць гэтага няма чым запярэчыць, дык трэба вам супакоіцца і не рабіць неабачліва;
Паколькі гэтаму нельга запярэчыць, то належыць вам супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.
а вы прывялі гэтых мужоў, якія ні храма Артэмідынага не абакралі, ні багіні вашай ня бэсьцілі;
Прывялі вы гэтых людзей, якія ані абкрадалі святыні, ані блюзнілі супраць багіні нашай.
Калі ж Дзімітрый і іншыя зь ім рамесьнікі маюць скаргу на каго-небудзь, дык ёсьць судовыя сходы, і ёсьць праконсулы: няхай скардзяцца адзін на аднаго;
А калі Дэметр і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку праводзяцца суды і ёсць праконсулы; хай адны адных вінавацяць.
а калі вы дамагаецеся чагосьці іншага, дык гэта вырашыцца ў законным сходзе;
А калі чаго іншага дамагаецеся, дык можна вырашыць законна на сходзе.
бо нам ёсьць небясьпека, — за тое, што сталася сёньня, нам паставяць у віну смуту, бо няма аніякае прычыны, якою мы маглі б апраўдаць такую зборню. Сказаўшы гэта, ён распусьціў сход.
Пагражае бо нам абвінавачанне адносна сённяшняга забурэння, бо няма ніякай прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча». І па гэтых словах распусціў сход.