Дзеі 11 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае.
 
Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, дачуліся, што пагане таксама прынялі слова Божае.

І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго,
 
І калі Пётра прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абрэзаных дакаралі яго,

кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі.
 
кажучы: «Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі».

А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы:
 
Тады Пётра пачаў тлумачыць ім па парадку, кажучы:

у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне;
 
«Быў я ў горадзе Ёпе на малітве і ўбачыў у захапленні, як нейкая пасудзіна, падобная на вялікі абрус, за чатыры канцы спускалася з неба, аж спусцілася каля мяне.

я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных.
 
І, углядаючыся, я спыніўся і ўбачыў на ёй чатырохногіх зямлі, звяроў, і паўзуноў, ды птушак нябесных.

І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж.
 
І пачуў я голас, які казаў мне: “Устань, Пётра, забівай і еж!”

А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.
 
Я адказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі нічога паганага або нячыстага не браў я ў свае вусны”.

І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае.
 
Але голас з неба азваўся паўторна: “Што Бог ачысціў, ты не называй нячыстым!”

Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба.
 
І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.

І вось, у тую ж самую часіну трох чалавек, пасланых з Кесарыі да мяне, спыніліся перад домам, дзе быў я.
 
І вось, зараз жа перад домам, у якім мы былі, з’явіліся трое мужчын, якіх паслалі з Цэзарэі да мяне.

Дух сказаў мне, каб я ішоў зь імі, зусім не сумняваючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалавека.
 
І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсць братоў, і мы разам прыбылі ў дом [таго] чалавека.

Ён расказаў нам, як ён бачыў у доме сваім анёла (сьвятога), які стаў і сказаў яму: пашлі ў Ёпію людзей і пакліч Сымона, якога завуць Пятром;
 
І ён расказаў нам, як убачыў анёла, які паўстаў у яго доме, і сказаў: “Пашлі ў Ёпу і пакліч Сімона, званага Пётрам.

ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь дом твой.
 
Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.

А калі я пачаў прамаўляць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас спачатку.
 
Калі ж я пачаў прамаўляць, Дух Святы сышоў на іх, як і на нас напачатку.

Тады ўзгадаў я слова Госпада, як Ён казаў: Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
 
І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Святым”.

І вось, калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, дык хто ж я, каб мог усупрацівіцца Богу?
 
Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія ўверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу?»

Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: відаць, і язычнікам даў Бог пакаяньне ў жыцьцё.
 
Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога і казалі: «Дык і паганам даў Бог ласку навяртання на [вечнае] жыццё».

Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў.
 
А тыя, што былі рассеяны дзеля пераследавання, што ўзнікла з прычыны Сцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпра, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адным толькі юдэям.

А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса.
 
З іх жа некаторыя былі кіпрыйцы і цырэнцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі навучаць і грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Ісуса.

І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада.
 
І рука Госпада была з імі, і вялікая колькасць веруючых навярнуліся да Госпада.

Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію.
 
І вестка пра іх дайшла да вушэй царквы, што ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу ў Антыёхію.

Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада;
 
Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, усцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі пры Госпадзе.

бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада.
 
А быў ён чалавек добры і поўны Духа Святога ды веры. І вялікая колькасць прыхінулася да Госпада.

Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію.
 
Пасля ён накіраваўся ў Тарс, каб адшукаць Саўла.

Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі.
 
І, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. І сталася ім, што цэлы год працавалі яны разам у царкве і навучалі вялікае мноства людзей, і ў Антыёхіі ўпершыню вучняў назвалі хрысціянамі.

Тымі днямі прыйшлі зь Ерусаліма ў Антыахію прарокі.
 
У тыя дні з Ерузаліма ў Антыёхію прыбылі прарокі.

І адзін зь іх, якога звалі Агаў, устаўшы, перш абвясьціў Духам, што па ўсім сьвеце будзе вялікі голад, які і быў пры кесары Клаўдзіі;
 
І вось, адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, даў знак праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за Клаўдзіем.

тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі,
 
Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасці мае ўспамагчы братам, што пражываюць у Юдэі.

што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла.
 
Так яны і зрабілі, пасылаючы дапамогу праз Барнабу і Саўла.