Дзеі 5 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
А адзін чалавек, якога звалі Ананія, з жонкаю сваёю Сапфіраю, прадаўшы маёмасьць,
А адзін чалавек, імем Ананія, са сваёй жонкай Сафірай прадаў зямлю
прыхаваў з цаны, зь ведама жонкі сваёй, а пэўную частку прынёс і паклаў да ног апосталаў.
ды, з ведама жонкі, адклаў сабе [частку] атрыманых грошай, а рэшту, прынёсшы, паклаў ля ног апосталаў.
Але Пётр сказаў: Ананія! навошта ты дазволіў сатане ўкласьці ў сэрца тваё думку сказаць няпраўду Духу Сьвятому і ўтоіць з цаны за зямлю?
Пётра ж сказаў: «Ананія, чаму шатан напоўніў тваё сэрца, каб ты падмануў Духа Святога і затрымаў у сябе [частку] атрыманых за поле грошай?
Чым ты валодаў, ці ж не тваё было, і набытае з продажу ці ж не ў тваім валоданьні было? навошта ж паклаў ты гэта ў сэрцы тваім? ты няпраўду сказаў ня людзям, а Богу.
Ці ж не ў тваёй гэта ўладзе — пакінуць або прадаць? Дык чаму надумаў гэтакую рэч у сэрцы сваім? Ты ж схлусіў не людзям, але Богу!»
Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў бяз духу; і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта.
Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і сканаў; і стаўся страх вялікі на ўсіх, якія чулі [гэта].
І ўстаўшы, юнакі падрыхтавалі яго да пахаваньня і вынесьлі і пахавалі.
А некалькі юнакоў, устаўшы, загарнулі яго і, вынесшы, пахавалі.
Гадзіны праз тры пасьля гэтага ўвайшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.
Сталася, што недзе праз тры гадзіны ўвайшла яго жонка, не ведаючы, што здарылася.
А Пётр спытаўся ў яе: скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю? Яна сказала: так, за столькі.
І звярнуўся да яе Пётра: «Скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю?» А яна адказала: «Так, за столькі».
Але Пётр сказаў ёй: навошта змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось, каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; і цябе вынесуць.
Пётра ж [сказаў] ёй: «Навошта вы змовіліся, каб выпрабоўваць Духа Госпадава? Вось, у парозе тыя, што пахавалі мужа твайго. Вынесуць яны і цябе».
Раптам яна ўпала каля ног ягоных і выпусьціла дух, і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую, вынесьлі і пахавалі каля мужа ейнага.
І яна зараз жа ўпала ля ног яго і сканала. Юнакі, уваходзячы, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі каля мужа.
І вялікі страх агарнуў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта.
І стаўся страх вялікі над усёй царквой ды з усімі, хто аб гэтым пачулі.
А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым;
Рукамі ж апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды, і былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламонавым.
і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх.
І ніхто з іншых не адважваўся да іх далучыцца, але хваліў іх народ.
А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын,
І штораз больш павялічваўся лік мужчын і жанчын, што верылі ў Госпада,
так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх.
так што людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб, калі пройдзе Пётра, хоць цень яго ўпаў на якога з іх.
Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе.
Таксама з суседніх гарадоў збягалася ў Ерузалім многа народа, прыносячы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны былі аздароўлены.
А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю,
Тады першасвятар і ўсе, што былі з ім, герэзія садукейская, напоўніліся зайздрасцю,
і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу.
і ўсклалі рукі на апосталаў, і пасадзілі іх у грамадскую вязніцу.
Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
А ўночы анёл Госпадаў адчыніў дзверы вязніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця.
«Ідзіце і вясціце ў святыні народа ўсе словы жыцця гэтага».
Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў.
Пачуўшы гэта, яны на світанні ўвайшлі ў святыню і навучалі. Тым часам першасвятар і тыя, што былі з ім, прыйшоўшы, склікалі раду ды ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывесці іх.
Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі,
Але паслугачы, пайшоўшы, не знайшлі іх у вязніцы, а вярнуўшыся, паведамілі,
кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога.
кажучы: «Знайшлі мы вязніцу вельмі старанна замкнёную, ды вартаўнікоў, што стаялі перад дзвярамі; але, адчыніўшы, у сярэдзіне не знайшлі мы нікога».
Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала.
Калі начальнік варты святыні і першасвятар пачулі гэтыя словы, дык не маглі зразумець, што гэта з імі сталася.
А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей.
У той час нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім: «Вось, людзі, якіх вы замкнулі ў вязніцы, стаяць у святыні і навучаюць народ».
Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі;
Тады начальнік з паслугачамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не ўкаменаваў іх саміх.
а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы:
І, калі яны прывялі іх, то паставілі перад радай. І першасвятар спытаўся ў іх,
ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека.
кажучы: «Хіба не забаранілі мы вам строга, каб вы не навучалі ў гэтае імя? А вось, вы напоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўзвесці на нас кроў гэтага Чалавека».
А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей;
У адказ Пётра і апосталы сказалі: «Болей трэба слухацца Бога, чым людзей.
Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
Бог нашых бацькоў уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, прыбіўшы да дрэва,
Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў;
Бог узвысіў Яго правіцай Сваёй як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю навяртанне ды адпушчэнне грахоў.
Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.
І мы — сведкі гэтых падзей, як і Дух Святы, Якога Бог даў паслухмяным Яму».
Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх.
Калі яны гэта пачулі, то раззлаваліся і хацелі іх забіць.
Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час,
Тады адзін фарысей на імя Гамаліэль, заканазнавец, паважаны ўсім народам, устаўшы ў радзе, загадаў на нейкі час вывесці апосталаў
а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць.
і прамовіў да іх: «Мужы ізраэльцы! Добра абдумайце, што вы будзеце рабіць з гэтымі людзьмі.
Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі,
Бо нядаўна ў нас выступіў Тэўда, кажучы, што ён — нехта незвычайны, і далучыліся да яго каля чатырохсот прыхільнікаў, і быў забіты, і ўсе, што верылі яму, расцярушыліся, і след іх прапаў.
пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся;
Потым у дні перапісу выступіў Юда галілеец, і пацягнуў за сабой людзей; і ён сам згінуў, і ўсе яго прыхільнікі рассеяліся.
і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея — ад людзей, дык яно разбурыцца,
І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей, і пакіньце іх у супакоі, і адпусціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасць ад людзей паходзіць, будзе знішчана,
а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся, каб вам ня стацца і богапраціўцамі.
а калі ад Бога, дык вы не зможаце іх знішчыць, ды каб часам не аказалася, што вы ваюеце з Богам». Яны паслухалі яго
Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх.
і, паклікаўшы апосталаў і пабіўшы, сурова папярэдзілі, каб не прамаўлялі ў імя Ісуса, і адпусцілі.
А яны пайшлі з сынедрыёна, радыя, што за імя Госпада Ісуса мелі гонар прыняць зьнявагу;
І яны выходзілі ад аблічча рады ўсцешаныя, што дзеля імя Ісуса цярпелі знявагу,
і кожны дзень у царкве і па дамах не пераставалі вучыць і зьвеставаць пра Ісуса Хрыста.
і, не перастаючы, штодзень у святыні і па дамах навучалі і абвяшчалі добрую вестку аб Ісусе Хрысце.