Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Фэст, прыбыўшы ў вобласьць, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Ерусалім.
Калі нарэшце прыбыў Фэст у правінцыю, то па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.
Тады першасьвятар і самыя знакамітыя Юдэі зьявіліся да яго са скаргай на Паўла і пераконвалі яго,
Там да яго звярнуліся першасвятары і значныя з юдэяў адносна Паўлы і прапаноўвалі яму,
просячы, каб ён зрабіў ласку, выклікаў яго ў Ерусалім; і ліхое задумалі — забіць яго ў дарозе.
просячы ласкі ў яго, каб загадаў паслаць яго ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.
Але Фэст адказваў, што Павал у Кесарыі пад вартаю, і што ён сам неўзабаве падасца туды.
Але Фэст адказаў, што Паўла знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выправіцца:
І вось, сказаў ён, каторыя з вас могуць, няхай пойдуць са мною, і калі ёсьць што за гэтым чалавекам, хай зьвінавацяць яго.
«Дык хай, хто з вас можа, — гаворыць, — пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі за [гэтым] чалавекам ёсць якія злачынствы».
Пабыўшы ў іх ня болей як восем ці дзесяць дзён, вярнуўся ў Кесарыю, і на другі дзень, сеўшы на суднае месца, загадаў прывесьці Паўла.
І, прабыўшы сярод іх не больш васьмі ці дзесяці дзён, выправіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесці Паўлу.
Калі ён зьявіўся, пасталі навокал Юдэі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, і ўзводзілі на Паўла многія цяжкія абвінавачаньні, якіх не маглі даказаць.
І, калі ён быў прыведзены, абступілі яго юдэі, што прыйшлі з Ерузаліма, ускладаючы многа цяжкіх абвінавачанняў, якіх не маглі даказаць.
А ён у апраўданьне сваё сказаў: я ня ўчыніў ніякага злачынства ні супраць закона Юдэйскага, ні супраць храма, ні супраць кесара.
Паўла ж апраўдваўся: «Не зграшыў я нічым ані супраць закону юдэйскага, ані супраць святыні, ані супраць цэзара».
Фэст, хочучы дагадзіць Юдэям, сказаў у адказ Паўлу: ці хочаш ісьці ў Ерусалім, каб я там судзіў цябе за гэта?
А Фэст, хочучы дагадзіць юдэям, адказваючы, сказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалім, каб там у гэтым быць мною суджаным?»
Павал сказаў: я стаю перад судом кесаравым, дзе мяне і належыць судзіць; Юдэяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты добра ведаеш;
Паўла сказаў: «Стаю перад судом цэзара, дзе трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.
бо, калі не мая праўда і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не зракуся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінавацяць мяне, дык ніхто ня можа выдаць мяне ім; патрабую суду кесаравага.
Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці, вартае смерці, не адмаўляюся памерці. Але калі не зрабіў нічога з таго, у чым мяне вінавацяць, ніхто не можа мяне ім выдаць. Апелюю да цэзара!»
Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду кесаравага, да кесара і выправішся.
Тады Фэст, пагаварыўшы з радай, адказаў: «Апелюеш да цэзара, дык пойдзеш да цэзара».
Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста.
І праз некалькі дзён цар Агрыпа і Берэніка прыбылі ў Цэзарэю і прывіталі Фэста.
І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах,
Калі там прабылі многа дзён, Фэст паведаміў цару пра Паўлу, кажучы: «Фэлікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго.
Калі я быў у Ерузаліме, першасвятары і старэйшыны юдэйскія звярнуліся да мяне, дамагаючыся яго асуджэння.
Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня.
Я ім адказаў, што рымляне не маюць звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека [на смерць], калі абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі ды не атрымае магчымасці бараніцца ад абвінавачанняў.
Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека.
І, калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, седзячы ў судзе, загадаў прывесці [гэтага] чалавека.
Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў;
І, калі ўсталі абвінаваўцы, то не прадставілі ніякага абвінавачання ў злачынствах, пра якія я меркаваў.
але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцьвярджаў, што Ён жывы.
Яны з ім спрачаліся пра іх веру ды пра нейкага памерлага Ісуса, пра Якога Паўла даказвае, што Ён жыве.
Ня быўшы пэўны ў рашэньні гэтага пытаньня, я сказаў: ці ня хоча ён пайсьці ў Ерусалім і там прыняць суд у гэтым?
Не разбіраючыся ў гэтым пытанні, я спытаў, ці не хацеў бы ён пайсці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых спрэчках.
Але як што Павал патрабаваў, каб яго пакінулі на разгляд Аўгустаў, дык я загадаў трымаць яго пад вартаю да таго часу, як адпраўлю яго да кесара.
Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымалі на разгляд Аўгуста, я загадаў яго пільнаваць, пакуль не выпраўлю яго да цэзара».
Агрыпа ж сказаў Фэсту: хацеў бы і я паслухаць гэтага чалавека. Заўтра ж, адказваў той, пачуеш яго.
Агрыпа [сказаў] Фэсту: «Я і сам хацеў бы паслухаць [гэтага] чалавека». «Заўтра, — адказаў, — пачуеш яго».
На другі дзень, калі Агрыпа і Вэрэніка прыйшлі зь вялікаю пышнасьцю і ўвайшлі ў судовы намёт з тысячнікамі і знакамітымі грамадзянамі, па загадзе Фэста прыведзены быў Павал.
На другі дзень, калі Агрыпа і Берэніка з вялікаю пышнасцю прыбылі і ўвайшлі ў залу разам з трыбунамі ды самымі паважанымі людзьмі горада, па загадзе Фэста ўведзены быў Паўла.
І сказаў Фэст: цару Агрыпе і ўсе прысутныя з намі мужы! вы бачыце таго, супроць якога ўсё мноства Юдэяў прыступаліся да мяне ў Ерусаліме і тут і крычалі, што ён не павінен больш жыць;
І кажа Фэст: «Цар Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Бачыце гэтага, дзеля якога звярталася да мяне многа юдэяў і ў Ерузаліме, і тут, усклікаючы, што яму не належыць больш жыць.
але я палічыў, што ён не зрабіў нічога вартага сьмерці, і як што ён сам дамагаўся суду ў Аўгуста, дык я рашыўся паслаць яго да кесара.
Але я пераканаўся, што ён не ўчыніў нічога, вартага смерці. А калі ён апеляваў да Аўгуста, вырашыў яго выправіць [туды].
Я ня маю нічога пэўнага напісаць пра яго кесару; таму прывёў яго да вас, і найперш да цябе, цару Агрыпе, каб, пасьля разгляду, было мне што напісаць;
Ды не маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, цар Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.
бо мне здаецца, неразважліва паслаць вязьня і не паказаць абвінавачаньняў на яго.
Бо здаецца мне неразумным выпраўляць вязня, не вызначыўшы яго віны».