Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Дык Фэст, прыбыўшы да павету, за тры дні выправіўся з Цэсарэі да Ерузаліму.
Калі нарэшце прыбыў Фэст у правінцыю, то па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.
Тады найвышшыя сьвятары а галоўныя із Жыдоў паведамілі яго супроці Паўлы і малёгалі яго,
Там да яго звярнуліся першасвятары і значныя з юдэяў адносна Паўлы і прапаноўвалі яму,
Зрабіць ласку — даставіць яго да Ерузаліму, цікуючы, каб забіць яго ў дарозе.
просячы ласкі ў яго, каб загадаў паслаць яго ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.
Але Фэст адказаў, што Паўла ў Цэсарэі пад вартаю, і што ён сам уборзьдзе прыедзе туды.
Але Фэст адказаў, што Паўла знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выправіцца:
«Дык няхай, кажа ён, асобы з улады памеж вас ідуць із імною і, калі што ёсьць у гэтым чалавеку, вінуюць яго».
«Дык хай, хто з вас можа, — гаворыць, — пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі за [гэтым] чалавекам ёсць якія злачынствы».
І, пабыўшы памеж іх не балей як восьмі альбо дзесяць дзён, зьвярнуўся да Цэсарэі; і наступнога дня, сеўшы на судовым седаве, расказаў прывесьці Паўлу.
І, прабыўшы сярод іх не больш васьмі ці дзесяці дзён, выправіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесці Паўлу.
І, як ён стаў, Жыды, што прышлі зь Ерузаліму, воступіцаю выказавалі шмат цяжкіх жалабаў, каторых не маглі давесьці.
І, калі ён быў прыведзены, абступілі яго юдэі, што прыйшлі з Ерузаліма, ускладаючы многа цяжкіх абвінавачанняў, якіх не маглі даказаць.
Паўла ж на аправеньне свае сказаў: «Ані супроці Права жыдоўскага, ані супроці сьвятыні, ані супроці цэсара я ні ў чым не ізграшыў».
Паўла ж апраўдваўся: «Не зграшыў я нічым ані супраць закону юдэйскага, ані супраць святыні, ані супраць цэзара».
Але Фэст, зычачы ўбіцца Жыдом у ласку, адказуючы Паўлу, сказаў: «Ці зычыш узыйсьці да Ерузаліму, каб я там судзіў цябе што да гэтага?»
А Фэст, хочучы дагадзіць юдэям, адказваючы, сказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалім, каб там у гэтым быць мною суджаным?»
Паўла ж сказаў: «Я стаю перад судам цэсаравым, ідзе імне належа быць суджаным. Жыдом я нічога благога не зрабіў, як ты таксама добра ведаеш;
Паўла сказаў: «Стаю перад судом цэзара, дзе трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.
Бо калі запраўды мая няпраўда і зрабіў я што-колечы гожае сьмерці, то не адмаўляюся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінуюць мяне, то ніхто ня можа выдаць мяне ім; адзываюся да цэсара».
Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці, вартае смерці, не адмаўляюся памерці. Але калі не зрабіў нічога з таго, у чым мяне вінавацяць, ніхто не можа мяне ім выдаць. Апелюю да цэзара!»
Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Ты адазваўся да цэсара, да цэсара й пойдзеш».
Тады Фэст, пагаварыўшы з радай, адказаў: «Апелюеш да цэзара, дык пойдзеш да цэзара».
Як мінула колькі дзён, кароль Аґрыпа а Верніка прыбылі да Цэсарэі паздароваць Фэста.
І праз некалькі дзён цар Агрыпа і Берэніка прыбылі ў Цэзарэю і прывіталі Фэста.
І, як яны правялі там шмат дзён, Фэст выклаў перад каралём справу Паўлаву, кажучы: «Тут ё нейкі вязень, пакінены Хвэліксам,
Калі там прабылі многа дзён, Фэст паведаміў цару пра Паўлу, кажучы: «Фэлікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
Праз каторага, як я быў у Ерузаліме, паведамілі найвышшыя сьвятары а старцы жыдоўскія, вымагаючы засуджэньня яго.
Калі я быў у Ерузаліме, першасвятары і старэйшыны юдэйскія звярнуліся да мяне, дамагаючыся яго асуджэння.
Я адказаў ім, што няма абычаю ў Рымлян выдаваць чалавека, перш чымся абжалаваны будзе мець жалабнікаў аблічна і адзяржыць магчымасьць абароны ад абвінаваньня.
Я ім адказаў, што рымляне не маюць звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека [на смерць], калі абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі ды не атрымае магчымасці бараніцца ад абвінавачанняў.
Як жа яны прышлі сюды, то, без адвалокі, назаўтрае я сеў на судовае седава і расказаў прывесьці таго чалавека.
І, калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, седзячы ў судзе, загадаў прывесці [гэтага] чалавека.
Жалабнікі, стоячы тут, праз нішто такое не вінавалі, праз што я дапушчаў;
І, калі ўсталі абвінаваўцы, то не прадставілі ніякага абвінавачання ў злачынствах, пра якія я меркаваў.
Але яны мелі некатрыя сьпярэчкі зь ім празь іх веру і празь якогась Ісуса памерлага, праз каторага Паўла цьвердзіў, што Ён жывы.
Яны з ім спрачаліся пра іх веру ды пра нейкага памерлага Ісуса, пра Якога Паўла даказвае, што Ён жыве.
І, як я сам быў у клопаце што да гэтае справы, я сказаў: ці ня хоча ён ісьці да Ерузаліму і там быць суджаны што да гэтага?
Не разбіраючыся ў гэтым пытанні, я спытаў, ці не хацеў бы ён пайсці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых спрэчках.
Але як Паўла адазваўся, быць пакіненым на рассудак Аўгустаў, я расказаў дзяржаць яго, пакуль пашлю яго да цэсара».
Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымалі на разгляд Аўгуста, я загадаў яго пільнаваць, пакуль не выпраўлю яго да цэзара».
Агрыпа ж сказаў Фэсту: «Я сам таксама хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, сказаў тый, ты пачуеш яго».
Агрыпа [сказаў] Фэсту: «Я і сам хацеў бы паслухаць [гэтага] чалавека». «Заўтра, — адказаў, — пачуеш яго».
Дык назаўтрае Аґрыпа а Верніка прышлі зь вялікай пазорнасьцю і ўвыйшлі ў судовую гасподу з тысячнікамі а з начэльнікамі места, і Фэст даў расказаньне прывесьці Паўлу.
На другі дзень, калі Агрыпа і Берэніка з вялікаю пышнасцю прыбылі і ўвайшлі ў залу разам з трыбунамі ды самымі паважанымі людзьмі горада, па загадзе Фэста ўведзены быў Паўла.
І сказаў Фэст: «Каролю Аґрыпа а ўсі прытомныя з намі мужы, вы бачыце гэтага, супроці каторага ўся множасьць Жыдоў зьвярнулася да мяне з просьбаю ў Ерузаліме й тут, крычачы, што ён ня мае балей жыць.
І кажа Фэст: «Цар Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Бачыце гэтага, дзеля якога звярталася да мяне многа юдэяў і ў Ерузаліме, і тут, усклікаючы, што яму не належыць больш жыць.
Але я даведаўся, што ён не зрабіў нічога гожага сьмерці, і ён сам адазваўся да Аўґуста, дык я пастанавіў паслаць яго.
Але я пераканаўся, што ён не ўчыніў нічога, вартага смерці. А калі ён апеляваў да Аўгуста, вырашыў яго выправіць [туды].
Я ня маю нічога пэўнага напісаць свайму гаспадару; затым прывёў яго перад вас і асабліва перад цябе, каролю Аґрыпа, каб, па разглядзе, было імне што напісаць;
Ды не маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, цар Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.
Бо імне здаецца, што неразважна, пасылаючы вязьня, ня выявіць жалабаў на яго».
Бо здаецца мне неразумным выпраўляць вязня, не вызначыўшы яго віны».