Да Рымлянаў 9 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
Праўду кажу ў Хрысце, не маню, сведчыць аб гэтым маё сумленне ў Духу Святым,
што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
што вялікі смутак у мяне і няспынны боль у сэрцы маім.
я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
Я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
якія ёсць ізраэльцы, маючыя ўсынаўленне, і славу, і запавет, і ўклад законаў, і служэнне Богу, і абяцанні,
іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
з іх і бацькі, з іх і Хрыстос паводле цела: Ён — Бог па-над усім, дабраславёны навечна. Амін.
Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
Гэта не значыць, што слова Божае не здзейснілася. Бо не ўсе, што з Ізраэля, — ізраэльцы.
і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».
Ды не ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсць сынамі Божымі, але сыны абяцання лічацца нашчадкамі;
А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».
слова ж абяцання такое: «Прыйду ў той самы час, і ў Сары будзе сын».
І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
Ды не толькі, але і Рэбэка пачала за адзін раз ад бацькі нашага Ізаака.
бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчынілі: ані дабра, ані зла, — каб заставаўся Божы намер адносна выбрання, —
залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,
сказана было ёй не дзеля ўчынкаў іх, але дзеля Таго, Хто заклікае: «Старэйшы будзе служыць малодшаму»,
як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».
як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».
Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!
Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».
Бо Ён кажа Майсею: «Я пашкадую таго, каго шкадую, ды буду літасцівы да таго, да каго літасцівы».
Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.
Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».
Бо ў Пісанні кажа фараону: «Дзеля таго Я паставіў цябе, каб паказаць на табе магутнасць Сваю ды каб абвяшчалася імя Маё па ўсёй зямлі».
Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
Дык, каго хоча, літуе і, каго хоча, закамяняе.
Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
А ты скажаш мне: «Чаму тады дакарае? Хто бо зможа супрацівіцца волі Яго?»
А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
Чалавеча! Хто ты такі, каб мог адказваць Богу? Няўжо посуд гліняны будзе казаць таму, хто яго зляпіў: «Чаму ты мяне такім зляпіў?»
Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?
Ці ж ганчар над глінай не мае ўлады, каб з таго самага месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага [ужытку], а другую — для простага?
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магутнасць Сваю, з вялікім цярпеннем ашчаджаў пасудзіны гневу, прызначаныя на загубу,
каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —
ды, каб выявіць багацце славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасці, якія наперад прыгатаваў на славу,
над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
паклікаў нас не толькі з юдэяў, але таксама з паганаў?
Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».
Як кажа таксама праз Осію: «“Не Мой народ” назаву “Маім народам”, а “Нялюбую” — “Любай”».
І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».
І будзе: на месцы, дзе ім было сказана: “Вы — не Мой народ”, там назавуцца сынамі Бога жывога.
А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
А Ісая ўсклікае пра Ізраэля: «Хоць бы колькасць сыноў Ізраэля была як пясок марскі, толькі рэшта будзе збаўлена.
бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі».
Бо [слова спаўняецца, і рашуча здзейсніцца паводле справядлівасці,] Госпад здзейсніць на зямлі Сваё слова без адкладу».
І як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».
І як таксама прадказаў Ісая: «Калі б Госпад Сабаот не пакінуў нам нашчадкаў, сталі б мы як Садом ды былі б падобнымі да Гаморы».
Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не імкнуліся да справядлівасці, атрымалі справядлівасць, але справядлівасць, якая ёсць з веры.
а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.
А Ізраэль, імкнучыся да закону справядлівасці, да закону не дайшоў.
Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
Чаму? Бо [імкнуўся] не з веры, але з учынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкнення,
як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».
як напісана: «Вось жа, кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень згаршэння. Хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».