Адкрыцьцё 10 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І ўгледзеў я другога анёла моцнага, які сыходзіў зь неба, апрануты ў хмару; над галавою ў яго была вясёлка, і аблічча ў яго як сонца, і ногі ў яго як стаўбуры агнявыя,
Пасля ўбачыў я іншага магутнага анёла, які сыходзіў з неба, заслонены воблакам, і над галавой у яго вясёлка, і твар яго — быццам сонца, і ногі яго — як слупы вогненныя,
у руцэ ў яго была кніжка разгорнутая. І паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую на зямлю,
і меў ён у руцэ сваёй адкрытую кнігу. І паставіў ён ногі свае: правую — на мора, а левую — на зямлю,
і ўсклікнуў зычным голасам, як рыкае леў; і калі ён усклікнуў, тады сем грамоў прамовілі галасамі сваімі.
і гаманіў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І калі ён загаманіў, прамовілі сем грымот галасамі сваімі.
І калі сем грамоў прамовілі галасамі сваімі, я хацеў быў пісаць; але пачуў голас зь неба, які мне казаў: утоі, што сказалі сем грамоў, і ня пішы гэтага.
І калі прагучалі гэтыя сем грымот, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, які казаў мне: «Запячаткуй тое, што абвяшчала сем грымот, і не пішы таго».
І анёл, якога я бачыў, як стаяў ён на моры і на зямлі, падняў руку сваю да неба
І анёл, якога я бачыў, што стаяў на моры і на зямлі, падняў правую руку сваю ў неба
і прысягаў Тым, Які жыве ва векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім, зямлю і ўсё, што на ёй, і мора і ўсё, што ў ім, — што часу ўжо ня будзе;
і прысягнуў Тым, Хто жыве на векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім ёсць, і зямлю і тое, што на ёй ёсць, і мора і што ў ім ёсць: «Часу ўжо больш не будзе!
але ў тыя дні, калі ўзьнясе голас сёмы анёл, калі ён затрубіць, спраўдзіцца тайна Божая, як Ён абвясьціў рабам Сваім прарокам.
Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як Ён дабравесціў паслугачам Сваім прарокам».
І голас, які я чуў зь неба, зноў пачаў гаварыць са мною і сказаў: ідзі, вазьмі разгорнутую кніжку з рукі ў анёла, які стаіць на моры і на зямлі.
І пачуў я зноў голас з неба, які гаварыў са мной і казаў: «Ідзі і вазьмі адкрытую кнігу з рукі анёла, што стаіць на моры і на зямлі».
І я пайшоў да анёла і сказаў яму: дай мне кніжку. Ён сказаў мне: вазьмі і зьеж яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд.
І пайшоў я да анёла, кажучы яму, каб ён даў мне кнігу. І ён сказаў мне: «Бяры кнігу і з’еж яе; і нутро тваё перапоўніць яна горыччу, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд».
І ўзяў я кніжку з рукі анёла і зьеў яе; і яна ў вуснах маіх была салодкая, як мёд; а калі зьеў яе, дык горка зрабілася ў чэраве маім.
І ўзяў я кнігу з рукі анёла і з’еў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а, калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу.
І сказаў ён мне: табе трэба зноў прарочыць пра народы і плямёны і роды і цароў многіх.
І кажуць мне: «Ты павінен зноў прарочыць пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх цароў».