Адкрыцьцё 15 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І ўбачыў я іншую азнаку на небе, вялікую і дзівосную — сем анёлаў, якія мелі сем апошніх пошасьцяў, якімі завяршаўся гнеў Божы.
І ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх спыняўся гнеў Божы.
І бачыў я нібыта шкляное мора, зьмяшанае з вагнём; і тыя, што перамаглі зьвера і вобраз ягоны, і кляймо ягонае і лічбу імя ягонага, стаяць на гэтым шкляным моры, трымаючы гусьлі Божыя,
І ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.
і сьпяваюць песьню Майсея, раба Божага, і песьню Ягняці, кажучы: вялікія і дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, Божа Ўсемагутны! праведныя і праўдзівыя шляхі Твае, Цару сьвятых!
І спявалі яны песню Майсея, паслугача Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!
Хто не ўбаіцца Цябе, Госпадзе, і не праславіць імя Твайго? Бо Ты адзін сьвяты. Усе народы прыйдуць і схіляцца прад Табою, бо адкрыліся суды Твае.
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!»
І пасьля гэтага я глянуў, і вось, адчыніўся храм скініі сьведчаньня ў небе,
І потым бачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання,
і выйшлі з храма сем анёлаў, і мелі яны сем пошасьцяў, адзетыя ў чыстыя і сьветлыя ільняныя шаты і аперазаныя па грудзях залатымі паясамі.
і выйшлі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпяразаныя залатымі паясамі.
І адна з чатырох жывых істотаў дала сямі анёлам сем залатых чараў, напоўненых гневам Бога, Які жыве ва векі вечныя.
І адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя.
І напоўніўся храм дымам ад славы Божае і ад сілы Ягонай, і ніхто ня мог увайсьці ў храм, пакуль не закончыліся сем пошасьцяў сямі анёлаў.
І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.