Адкрыцьцё 7 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня веяў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
І пасля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
І бачыў я іншага анёла, што ўзыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І ўсклікнуў ён гучным голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена шкодзіць зямлі і мору, кажучы:
І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу і нёс пячатку Бога жывога, і гаманіў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,
не рабеце шкоды ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не накладзём пячаткі на ілбы рабам Бога нашага.
кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль не адзначым паслугачоў Божых на чолах іх».
І я чуў лік запячатаных: запячатаных было сто сорак чатыры тысячы з усіх каленаў сыноў Ізраілевых.
І пачуў я лік тых, што адзначаны: сто сорак чатыры тысячы адзначаных з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля:
З калена Юды запячатана дванаццаць тысяч; з калена Рувімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Гадавага запячатана дванаццаць тысяч;
з пакалення Юды дванаццаць тысяч адзначаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч,
з калена Асіравага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Нефалімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Манасіінага запячатана дванаццаць тысяч;
з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манасы дванаццаць тысяч,
з калена Сымонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Левія запячатана дванаццаць тысяч; з калена Ісахаравага запячатана дванаццаць тысяч;
з пакалення Сімяона дванаццаць тысяч, з пакалення Леві дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч,
з калена Завулонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Язэпавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Веньямінавага запячатана дванаццаць тысяч.
з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Бэньяміна дванаццаць тысяч адзначаных.
Пасьля гэтага зірнуў я, і вось, вялікае мноства людзей, якога ніхто ня мог палічыць, з усіх плямёнаў і каленаў, і народаў і родаў стаяла перад тронам і перад Ягнём у белым адзеньні і з пальмавымі галінкамі ў руках сваіх.
Пасля ўбачыў я: і вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не змог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх.
І ўсклікалі гучным голасам, кажучы: збавеньне Богу нашаму, Які сядзіць на троне, і Ягняці!
І гаманілі яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!»
І ўсе анёлы стаялі вакол трона і старцаў і чатырох жывых істотаў, і ўпалі ніцма перад тронам, і пакланіліся Богу,
І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старыя, і чацвёра жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае, і аддалі пашану Богу,
кажучы: амін! дабраславеньне і слава, і мудрасьць і падзяка, і гонар і сіла і моц Богу нашаму на векі вечныя! Амін.
кажучы: «Амін! Дабраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін».
І, пачаўшы прамову, адзін старац спытаўся ў мяне: гэтыя апранутыя ў белую адзежу, хто, і адкуль прыйшлі?
І адзін са старых азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў бель, і адкуль яны прыйшлі?»
Я сказаў яму: ты ведаеш, уладару. І ён сказаў мне: гэта тыя, якія прыйшлі ад вялікае скрухі; яны абмылі вопратку сваю і адбялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці.
А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага гора, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у Крыві Ягняці.
За гэта яны цяпер перад тронам Бога і служаць Яму дзень і ноч у храме Ягоным, і Той, Хто сядзіць на троне, будзе жыць у іх.
Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Які сядзіць на пасадзе будзе жыць у іх.
Яны ня будуць ужо ні голаду ні смагі цярпець, і ня будзе паліць іх сонца, і ніякая сьпёка;
Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота,
бо Ягня, Якое пасярод трона, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх на жывыя крыніцы водаў, і вытра Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх!
бо Ягня, Які пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы водаў жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх».