Адкрыцьцё 20 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
І ўбачыў я анёла, што сыходзіў з неба і меў у руцэ ключ ад бяздоння і вялікі ланцуг.
Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,
І схапіў ён дракона, змея старадаўняга, які ёсць д’ябал і шатан, і звязаў яго на тысячу гадоў,
і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
і кінуў яго ў бяздонне, і замкнуў яго, і запячатаў яго, каб не зводзіў больш народы, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасля ён мае быць вызвалены на кароткі час.
І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;
І ўбачыў я пасады, і паселі на іх тыя, якім дадзена права судзіць, і бачыў я душы тых, якім сцялі галовы за сведчанне аб Ісусе і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зверу і абразу яго, якія не мелі меціны на чолах і руках сваіх. І жылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў.
а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсеньне.
Рэшта памерлых не ажыла, пакуль не скончылася тысяча гадоў. Гэта ёсць першае ўваскрэсенне.
Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
Шчасны і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні! Над імі другая смерць не мае ўлады, але яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні — як пясок марскі.
І, калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязніцы,
І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.
і будзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і збіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога.
І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;
І яны выйшлі на прастор зямлі і акружылі лагер святых і іх умілаваны горад. Але зляцеў [ад Бога] агонь і знішчыў іх.
а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.
І д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і звер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ўночы на векі вечныя.
І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
І ўбачыў я пасад вялікі ззяючы і Таго, Які сядзеў на ім, перад абліччам Якога зніклі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.
І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгорнутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.
І ўбачыў я [перад Богам] памерлых, вялікіх і малых, што стаяць перад пасадам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцця. І быў суд над памерлымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў.
Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,
І аддала мора памерлых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі смерць і пекла сваіх памерлых, якія ў іх былі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў.
і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — сьмерць другая.
І смерць і пекла былі ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта другая смерць, возера вогненнае.
І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.
І хто не знайшоўся запісаны ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.