Адкрыцьцё 15 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Я ўбачыў іншы знак на небе, вялікі і дзівосны: сем анёлаў, якія мелі сем апошніх бедстваў, таму што імі закончыцца гнеў Божы.
 
І ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх спыняўся гнеў Божы.

Я ўбачыў нібыта шкляное мора, змяшанае з агнём. А тыя, хто перамог звера, ягоны вобраз і лічбу імя ягонага, стаялі над шкляным морам, трымаючы гуслі Бога.
 
І ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.

Яны спявалі песню Майсея, слугі Божага, і песню Баранка, кажучы: «Вялікія і цудоўныя справы Твае,Пане Божа ўсемагутны.Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае,Валадару народаў!
 
І спявалі яны песню Майсея, паслугача Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!

Хто ж не будзе баяцца, Пане,і не праславіць імені Твайго?Таму што Ты адзін Святы,таму што ўсе народы прыйдуцьі паклоняцца перад Табою,бо аб’явіліся Твае справядлівыя прысуды».
 
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!»

Потым убачыў, як адчынілася святыня скініі Сведчання ў небе.
 
І потым бачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання,

Са святыні выйшла сямёра анёлаў, якія мелі сем бедстваў. Яны былі апранутыя ў чысты бліскучы лён і падперазаныя вакол грудзей залатымі пасамі.
 
і выйшлі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпяразаныя залатымі паясамі.

Адна з чатырох жывых істот дала сямі анёлам сем залатых чаш, напоўненых гневам Бога, які жыве на векі вякоў.
 
І адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя.

Ад славы Божай і ад моцы Яго святыня напоўнілася дымам, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не здзейснілася сем бедстваў сямі анёлаў.
 
І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.