Адкрыцьцё 22 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Анёл паказаў мне раку вады жыцця, бліскучую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Баранка.
І паказаў мне чыстую раку вады жыцця, ззяючую, светлую, як быццам крышталь, якая выцякае з пасада Бога і Ягняці.
Пасярод плошчы горада і паміж берагамі ракі расце дрэва жыцця, якое дае плод дванаццаць разоў. Кожны месяц дае свой плод, а лісце дрэва служыць для лячэння народаў.
На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі было дрэва жыцця, што прыносіць дванаццаць пладоў, штомесяц даючы плод свой, і лісце дрэва — для лячэння народаў.
І нічога праклятага ўжо не будзе. А трон Бога і Баранка будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.
І не будзе ўжо больш нічога праклятага. І пасад Бога і Ягняці ў ім будзе, і паслугачы Яго Яму служыць будуць,
Убачаць Ягонае аблічча, а Ягонае імя будзе на іх чолах.
і будуць аглядаць аблічча Яго, і імя Яго будуць насіць на чолах сваіх.
І ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на векі вечныя.
І ночы ўжо не будзе, і не трэба будзе ўжо святла лямпы, ані святла сонца, бо Госпад Бог асветліць іх, і будуць яны валадарыць на векі вечныя.
Анёл сказаў мне: «Гэтыя словы пэўныя і праўдзівыя, і Пан, Бог духаў прароцкіх, паслаў анёла свайго паказаць слугам сваім тое, што павінна адбыцца неўзабаве.
І сказаў мне: «Словы гэтыя самыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў прарочых, паслаў Свайго анёла, каб паказаць паслугачам Сваім, што павінна стацца неўзабаве.
І вось прыйду неўзабаве. Шчаслівы той, хто захоўвае словы прароцтва гэтай кнігі».
І вось, прыходжу хутка. Шчасны, хто захоўвае словы прарочыя гэтае кнігі».
Я, Ян, чуў і бачыў гэта. А пасля таго як пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца ў ногі анёлу, які паказваў мне гэта.
І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І, калі гэта пачуў і ўгледзеў, паў да ног анёла, што мне гэта паказаў, каб пакланіцца яму.
Але ён сказаў мне: «Не рабі так. Я слуга як і ты, і твае браты — прарокі, і тыя, хто выконвае словы гэтай кнігі. Богу пакланіся!»
І ён кажа мне: «Глядзі, не рабі! Бо я толькі саслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся».
Потым сказаў мне: «Не запячатвай словаў прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі!
І кажа мне: «Не запячатвай прарочых слоў гэтай кнігі, бо час ужо блізкі.
Хто чыніць несправядлівасць, няхай яшчэ чыніць несправядлівасць, і нячысты няхай яшчэ забруджваецца, а справядлівы няхай далей чыніць справядлівасць, і святы няхай яшчэ асвяціцца.
Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто апаганены, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ павялічвае справядлівасць [сваю], і святы няхай яшчэ больш усвячаецца.
Вось прыйду неўзабаве і адплата Мая са Мною, каб адплаціць кожнаму паводле ягоных учынкаў.
Вось, прыходжу хутка, і ўзнагарода Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў яго.
Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
Шчаслівыя тыя, хто мые шаты свае, каб мець уладу над дрэвам жыцця і праз браму ўвайсці ў горад.
Шчасныя, што мыюць вопраткі свае, яны будуць мець уладу над дрэвам жыцця і ўвойдуць у горад праз брамы.
Звонку застануцца сабакі, чарадзеі, распуснікі, забойцы, ідалапаклоннікі і кожны, хто любіць ці чыніць падман!
За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распуснікі, забойцы, балванахвальцы і ўсе тыя, што любяць хлусіць і хлусяць.
Я, Езус, паслаў Майго анёла засведчыць вам пра гэта ў Касцёлах. Я — корань і патомства Давіда, ясная ранішняя зорка».
Я, Ісус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сведчанне ў цэрквах. Я — Корань і Род Давідаў, Зорка светлая і ранішняя».
А Дух і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто прагне, няхай прыйдзе, і хто хоча, няхай возьме ваду жыцця дарма.
І Дух і нявеста клічуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай кажа: «Прыйдзі!» І хто смягне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцця дарма.
Я сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі. Калі хто-небудзь дадасць да гэтага нешта, Бог спашле на яго бедствы, апісаныя ў гэтай кнізе.
Вось, сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто да іх дадасць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,
А калі хто-небудзь выкіне нешта са словаў кнігі гэтага прароцтва, Бог адкіне яго ад дрэва жыцця і выкіне са святога горада, апісаных у гэтай кнізе.
і, калі хто адыме ад слоў прароцтва гэтай кнігі, у таго Бог адыме долю яго з дрэва жыцця, і з горада святога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.
Той, хто сведчыць пра гэта, кажа: «Так, хутка прыйду». «Амэн. Прыйдзі, Пане Езу!»
Той, Хто пра гэта сведчыць, кажа: «Так, прыйду неўзабаве!» Амін. Прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
Ласка Пана Езуса няхай будзе з усімі.
Ласка Госпада Ісуса з усімі.