Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Рукапіс Л. Дзекуць-Малея М
Я — сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой — Вінаградар;
Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза, а Аце́ц Мой вінаградар.
кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду.
Усякую галіну ў Мяне́, якая не дае́ плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае́ плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам.
Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я гаварыў вам.
Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
Будзьце-ж у-ва Мне́, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе́, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне́.
Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога.
Я лаза, а вы галіны: хто прабывае ў-ва Мне́ і Я ў ім, той прыносіць багатыя плады; бо без Мяне́ ня можаце рабіць нічога.
Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць;
Хто ня будзе ў-ва Мне́, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; а гэткія галіны зьбіраюць і кідаюдь у вагонь, і яны згараць.
калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам.
Калі будзеце ў-ва Мне́, і словы Маі ў вас будуць, то, чаго хочаце, прасіце, і станецца вам.
Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі.
Гэтым уславіцца Аце́ц Мой, калі вы прынясе́це багатыя плады, і будзеце Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй,
Як узьлюбіў Мяне́ Аце́ц, так Я ўзьлюбіў вас; аставайцеся ж у любві Маёй.
калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Калі выпаўніце за́паведзі Мае́, будзеце ў любві Маёй, як і Я выпаўніў прыказаньні Айца Майго і астаюся ў Яго любві.
Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная.
Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Вось запаведзь Мая: любіце адзін аднаго, як Я ўзьлюбіў вас.
Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх.
Ніхто ня мае любві большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за другаў сваіх.
Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам;
Вы другі Маі, калі спаўняеце тое, што Я загадваю вам.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго.
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ве́дае, што робіць гаспадар яго, а Я назваў вас другамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, сказаў вам.
Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
Ня вы Мяне́ выбралі, але Я вас выбраў _______ _______ _______.
Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.