Яна 8 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Рукапіс Л. Дзекуць-Малея М

 
 

А Ісус пайшоў на гару Аліўную,
 
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.

а раніцай зноў прыйшоў у храм, і ўвесь люд ішоў да Яго; Ён сеў і вучыў іх.
 
Нараніцы ж ізноў прыйшоў у царкву, і ўве́сь народ ішоў да Яго. Ён се́ў і навучаў іх.

Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, засьпетую на блудзе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
 
Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, злоўленую на чужаложстве, і, паставіўшы яе́ пасярэдзіне,

сказалі Яму: Настаўнік! гэтую жанчыну засьпелі на блудзе;
 
сказалі Яму: Настаўнік, гэта жанчына злоўлена на чужаложстве,

а Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш?
 
а Майсе́й у законе загадаў нам пабіваць гэткіх каме́ньнем. Ты ж што скажаш?

Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб знайсьці што-небудзь і зьвінаваціць Яго, але Ісус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх.
 
Гаварылі ж гэта спакушаючы Яго, каб знайсьці што-не́будзь дзеля абвінавачаньня Яго. Але Ісус, нагнуўшыся, пісаў пальцам на зямлі.

Калі ж папыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас бяз грэху, першы кінь у яе каменем.
 
Калі ж яны не пераставалі пытацца ў Яго, то, падняўшыся, сказаў ім: хто з вас бязгрэшны, пе́ршы кінь камень у яе́.

І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі.
 
І, зноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.

А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумленьня, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
 
Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумле́ньнем, павыходзілі адзін за адным, пачынаючы ад старшых аж да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.

Ісус, схіліўшыся і ня бачачы нічога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе твае скаржнікі? ніхто не асудзіў цябе?
 
Ісус, падняўшыся і ня бачучы нікога, апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе́ тваі абвініцелі? Ніхто не асудзіў цябе́?

Яна адказвала: ніхто, Госпадзе! Ісус сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы.
 
Яна адказала: ніхто, Госпадзі! Ісус жа сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе́: ідзі і больш не грашы.

Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця.
 
Зноў кажа Ісус да народу: Я сьвятло сьве́ту; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у це́мры, але ме́ціме сьвятло жыцьця.

Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, сьведчаньне Тваё ня ёсьць ісьціна.
 
Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам аб Сабе́ сьве́дчыш, ды непраўдзівае сьвядоцтва Твае́.

Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду.
 
Адказаў ім Ісус і сказаў: калі Я і Сам аб Сабе́ сьве́дчу, то сьвядоцтва Мае́ справядлівае, бо Я ве́даю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ве́даеце, адкуль Я і куды іду.

Вы мяркуеце па плоці; Я ня суджу нікога;
 
Вы судзіце па це́лу; Я ня суджу нікога.

а калі і суджу Я, дык суд Мой у ісьціне, бо Я не адзін, а Я з Айцом, Які паслаў Мяне;
 
А калі і суджу Я, то суд Мой справядлівы, бо Я не адзін, але Я і Аце́ц, што паслаў Мяне́.

а і ў законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек — праўдзівае.
 
І ў законе ж вашым напісана, што сьве́дчаньне двох чалаве́к справядлівае (Другазаконьне 19:15).

Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
 
Я Сам сьве́дчу аб Сабе́ і сьве́дчыць аба Мне́ Аце́ц, Які паслаў Мяне́.

Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Ісус адказваў: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго.
 
Тады сказалі Яму: дзе́ Аце́ц Твой? Ісус адказаў ім: вы ня ве́даеце ні Мяне́, ні Айца Майго. Калі б вы ве́далі Мяне́, ве́далі б і Айца Майго.

Гэтыя словы казаў Ісус каля скарбонкі, калі вучыў у храме; і ніхто ня ўзяў Яго, бо ня прыйшла часіна Ягоная.
 
Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі вучыў у царкве́; і ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ ня прыйшоў час яго.

Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці.
 
І ізноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне́; і паўміраеце ў граху сваім. Куды іду Я, вы прыйсьці ня можаце.

Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»?
 
Жыды ж гаварылі: ці не заб’е́ Ён Сябе́ Сам, што кажа: куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці?

Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету;
 
І сказаў ім: вы ад нізу, Я ж з вышыні; вы з гэтага сьве́ту, Я ня з гэтага сьве́ту;

таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых.
 
сказаў жа Я вам, што паўміраеце ў грахох вашых; бо калі не паве́рыце, што гэта Я, то памрэцё ў грахох вашых.

Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам:
 
Яны ж сказалі Яму: Хто ж Ты? І сказаў ім Ісус: Пачатны, як і кажу вам;

многа маю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету.
 
многа маю гаварыць аб вас і судзіць; але Той, што паслаў Мяне́, справядлівы, што Я чуў ад Яго, тое й кажу сьве́ту.

Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
 
Не зразуме́лі, што Ён гаварыў ім аб Айцу.

Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
 
І сказаў ім Ісус: як падыймеце Сына Чалаве́чага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што нічога ня раблю ад Сябе́, але як наўчыў Мяне́ Аце́ц Мой, так і гавару.

Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна.
 
І са Мною Той, што паслаў Мяне́; Аце́ц не пакінуў Мяне́ аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму.

Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
 
Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўве́равалі ў Яго.

Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні.
 
Тады сказаў Ісус уве́раваўшым у Яго жыдом: калі астанецёся ў слове Маім, дык запраўды вы — вучні Маі.

І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі.
 
І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.

Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»?
 
Яму адказалі: мы се́мя Аўраама і нікому ніколі ня былі рабамі; як жа Ты кажаш: станецеся вольнымі.

Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху;
 
Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: усякі, хто грашыць, ёсьць нявольнік граху.

але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна;
 
Але раб ня жыве́ ў доме ве́чна: сын астае́цца ве́чна.

дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце;
 
Дык вось, калі Сын вызваліць вас, то запраўды вольнымі будзеце.

ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
 
Ве́даю, што вы се́мя Аўраама, аднак жа шукаеце, каб забіць Мяне́, бо слова Мае́ не ўмяшчаецца ў вас.

Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага.
 
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў Айца Вашага.

Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б;
 
Яны адказалі Яму і сказалі: аце́ц наш — Аўраам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзе́ці Аўраама, то рабілі бы ўчынкі Аўраамавы.

а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
 
А цяпе́р шукаеце, як забіць Мяне́, чалаве́ка, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў.

Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем — Бога.
 
Вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэтае сказалі Яму: мы не ад распусты роджаны; аднаго Айца ма́ем, Бога.

Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне:
 
Ісус сказаў ім: калі б Бог быў ваш Аце́ц, то вы любілі б Мяне́, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе́ прыйшоў, але Ён паслаў Мяне́.

Чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо ня можаце чуць слова Майго:
 
Чаму вы не разуме́еце гутаркі Мае́? Бо ня можаце слышаць слова Майго.

ваш бацька д’ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды.
 
Ваш аце́ц дыябал, і вы хочаце выпаўняць жаданьні айца вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у праўдзе; бо яе́ няма ў ім. Калі ён гаворыць брахню, гаворыць свае́, бо ён брахун і бацька ілжы.

А як Я ісьціну кажу, дык ня верыце Мне.
 
А як Я праўду гавару, то ня ве́рыце Мне́.

Хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі Я кажу ісьціну, чаму вы ня верыце Мне?
 
Хто з вас дакажа Мой грэх? Калі ж Я гавару праўду, чаму вы ня ве́рыце Мне́?

Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога.
 
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы затым ня слухаеце, што вы не ад Бога.

На гэта Юдэі адказвалі і сказалі Яму: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што дэман у Табе?
 
На гэтае адказалі Яму жыды і сказалі: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін, і што злы дух у Табе́.

Ісус адказваў: ува мне дэмана няма, а Я шаную Айца Майго, а вы няславіце Мяне;
 
Ісус адказаў: у ва Мне́ чарта няма; але Я паважаю Айца Свайго, а вы зьняважаеце Мяне́.

але ж Я ня шукаю Маёй славы: ёсьць Той, Хто шукае і судзіць;
 
Дый Я ж ня шукаю славы для Мяне́; ёсьць Той, што шукае і судзіць.

Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек.
 
Запраўды, запраўды кажу вам: хто выпаўняе слова Мае́, ня ўгле́дзіць сьме́рці даве́ку.

Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек;
 
Жыды сказалі Яму: цяпе́р даве́даліся мы, што ў Табе́ чорт. І Аўраам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто выпаўніць слова Мае́, той не спазнае сьме́рці даве́ку.

няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш?
 
Няўжо ж Ты большы за айца нашага Аўраама, які ўмёр? і прарокі ўмярлі: за каго Ты Сябе́ выдаеш?

Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш;
 
Ісус адказаў: калі Я Сам Сябе́ выслаўляю, то слава Мая нішто. Мяне́ выслаўляе Аце́ц Мой, аб каторым вы гаворыце, што Ён Бог Ваш.

і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму;
 
І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас брахун. Але Я знаю Яго і выпаўняю слова Яго.

Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся.
 
Аўраам, аце́ц ваш, рад быў бачыць дзе́нь Мой; і ўгле́дзіў і ўце́шыўся.

На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама?
 
На гэтае сказалі Яму жыды: Табе́ няма яшчэ пяцідзесяцёх гадоў, і Ты бачыў Аўраама?

Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я.
 
Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: пе́рш, чымся нарадзіўся Аўраам, быў Я.

І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.
 
Тады ўзялі каме́ньні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў з царквы, прайшоўшы між імі; і пайшоў дале́й.