Адкрыцьцё 11 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І дадзена мне трысьціна, падобная да жазла, і сказана: устань, абмерай храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім;
І да́дзена мне́ трысьціна, падобная да па́ліцы; і Ангел, стоючы, сказаў: Паўстань і паме́рай храм Божы і ахвярнік, і тых, што ў ім пакланяюцца;
а зьнешні двор храма выключы і не абмярай яго, бо ён дадзены язычнікам: яны будуць таптаць сьвяты горад сорак два месяцы.
а панадворак, што перад храмам, кінь вонках ды ня ме́рай яго, бо ён да́дзены паганам: і ме́ста сьвятое тапта́цімуць сорак два ме́сяцы.
І дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, апранутыя ў вярэту.
І дам двум сьве́дкам маім, і будуць прарочыць тысяча дзьве́сьце шэсьцьдзесят дзён, апрануўшыся ў палатніну.
Гэта — дзьве масьліны і два сьветачы, што стаяць прад Богам зямлі.
Гэта ёсьць дзьве́ аліўкі і два сьве́тачы, што перад Богам зямлі стаяць.
І калі хто захоча іх скрыўдзіць, дык вагонь выйдзе з вуснаў іхніх і зжарэ ворагаў іхніх; калі хто захоча іх скрыўдзіць, той мусіць быць забіты.
І, калі хто схоча зрабіці ім крыўду, агонь выйдзе із вуснаў іх ды пажарэ ворагаў іхніх; і калі хто схоча зрабіці ім крыўду, мусіць быць гэтак забіты.
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня падаў дождж на зямлю ў дні прарочаньня іхняга, і маюць уладу над водамі — ператварыць іх у кроў і пабіваць зямлю рознымі пошасьцямі, калі толькі захочуць.
Яны маюць уладу замкнуці не́ба, каб ня падаў дождж у дні прарочаньня іхняга; і маюць уладу над во́дамі — ператвараць іх у кроў і біці зямлю ўсякімі плягамі, колькі-б хаце́лі.
І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, зьвер, які выходзіць зь бездані, павядзе бітву зь імі, і пераможа іх, і заб’е іх,
І калі скончаць сьве́дчаньне сваё, зьве́р, што выйдзе з бяздоньня, учыніць вайну з імі і пераможа іх ды пазабівае іх.
і трупы іхнія пакіне на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садома і Егіпет, дзе і Гасподзь наш укрыжаваны.
І трупы іх на вуліцы вялікага ме́ста, што называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе́ і Госпад наш быў распяты.
І многія з народаў і каленаў, і родаў і плямёнаў будуць глядзець на трупы іхнія тры дні з палавінаю і не дазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы.
І із народаў, і родаў, і языкоў, і плямёнаў бачыць будуць трупы іхнія ў працягу трох дзён і паўдня́, і не пазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы;
І насельнікі зямныя будуць радавацца з гэтага і весяліцца, і пашлюць дарункі адно аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі насельнікаў зямлі.
і жы́хары зямлі будуць це́шыцца над імі й весяліцца; і пасылацімуць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жы́хараў зямлі.
Але праз тры дні з палавінаю ўвайшоў у іх дух жыцьця ад Бога, і яны абодва ўсталі на ногі свае; і вялікі страх агарнуў тых, што глядзелі на іх.
І цераз тры дні і паўдня́ дух жыцьця зыйшоў на іх ад Бога, і паўсталі на ногі свае́, і страх вялікі напаў на тых, што бачылі іх.
І пачулі яны зь неба гучны голас, які казаў ім: узыдзеце сюды. І яны ўзышлі на неба на хмары, і глядзелі на іх ворагі іхнія.
І пачулі голас вялікі з не́ба, мовячы да іх: Узыйдзе́це сюды. І ўзыйшлі на не́ба ў хмары, і бачылі іх ворагі іхнія.
І ў тую самую хвіліну стаўся вялікі землятрус, і дзясятая частка горада зруйнавалася, і загінула пры землятрусе сем тысяч імёнаў чалавечых; а астатнія былі апанаваныя жудасьцю і ўзьнесьлі славу Богу Нябеснаму.
І ў гэну гадзіну зрабілася трасе́ньне вялікае, і дзесятая частка ме́ста завалілася, і забіты ў трасе́ньні сем тысяч імёнаў чалаве́чых; а рэшта былі зьняты жа́хам і аддалі хвалу Богу нябёсаў.
Другое гора прайшло; вось, ідзе неўзабаве трэйцяе гора.
Другое гора прайшло; вось, хутка йдзе трэцяе гора.
І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: царства сьвету зрабілася Царствам Госпада нашага і будзе валадарыць ва векі вечныя.
І сёмы Ангел затрубіў, і сталіся вялікія галасы́ на не́бе, якія мовілі: Царствы сьве́ту сталіся Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і будзе цары́ць на вякí ве́чныя.
І дваццаць чатыры старцы, што сядзелі перад Госпадам на тронах сваіх, упалі ніцма і пакланіліся Богу,
І дваццаць чатыры старыкі, што перад Богам сядзе́лі на пасадах сваіх, паваліліся на твар свой і пакланіліся Богу,
кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе Божа Ўсеўладны, Які ёсьць і быў і прыйдзеш, што Ты прыняў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.
мовячы: Дзякуем Табе́, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю, Які ёсьць і быў і йдзе́ш, што прыняў Ты сілу Сваю вялікую і запанаваў.
І раз’юшыліся язычнікі; і прыйшоў гнеў твой і час судзіць мёртвых і даць адплату рабам Тваім, прарокам і сьвятым і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і пагубіць тых, што губілі зямлю.
І ўзлаваліся пагане, і прыйшоў гне́ў Твой і пара́ судзіці мёртвых і даць нагароду раба́м Тваім прарокам і сьвятым, і бая́чымся іме́ньня Твайго, малым ды вялікім, і вынішчыць тых, што нішчаць зямлю.
І расчыніўся храм Божы на небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў храме Ягоным; і ўчыніліся маланкі і галасы, і грымоты і землятрусы і вялікі град.
І расчыніўся храм Божы ў не́бе, і паказалася скрыня запаве́ту Яго ў храме Ягоным; і былі маланкі й галасы́, і грымоты, і трасе́ньне, ды град вялізарны.