Адкрыцьцё 10 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І ўгледзеў я другога анёла моцнага, які сыходзіў зь неба, апрануты ў хмару; над галавою ў яго была вясёлка, і аблічча ў яго як сонца, і ногі ў яго як стаўбуры агнявыя,
І ўбачыў я іншага Ангела, дужога, зыходзячы з не́ба, які апра́нены быў у хмару, і над галавою ягонай была вясёлка, і аблічча ў яго быццам сонца, і ногі ў яго быццам слупы́ вагністыя;
у руцэ ў яго была кніжка разгорнутая. І паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую на зямлю,
і ме́ў ён у руцэ сваёй кніжыцу разгорненую; і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а ле́вую на зямлю,
і ўсклікнуў зычным голасам, як рыкае леў; і калі ён усклікнуў, тады сем грамоў прамовілі галасамі сваімі.
ды гукнуў ён голасам вялікім, быццам ле́ў рычы́ць; і, як гукнуў ён, прамовілі се́м грымотаў галаса́мі сваімі.
І калі сем грамоў прамовілі галасамі сваімі, я хацеў быў пісаць; але пачуў голас зь неба, які мне казаў: утоі, што сказалі сем грамоў, і ня пішы гэтага.
І, як прамовілі се́м грымотаў галаса́мі сваімі, я маніўся пісаць; і пачуў голас з не́ба, які гаварыў мне́: Запячатай, што́ прамовілі се́м грымотаў, і ня пішы гэтага.
І анёл, якога я бачыў, як стаяў ён на моры і на зямлі, падняў руку сваю да неба
І Ангел, Якога бачыў я стоючы на моры й на зямлі, узьняў руку сваю да не́ба
і прысягаў Тым, Які жыве ва векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім, зямлю і ўсё, што на ёй, і мора і ўсё, што ў ім, — што часу ўжо ня будзе;
і пакляўся Жыву́чым на ве́чныя вякí, Каторы стварыў не́ба і што ў ім, ды зямлю і што ў ёй, ды мора і што ў ім, што ня будзе ўжо часу,
але ў тыя дні, калі ўзьнясе голас сёмы анёл, калі ён затрубіць, спраўдзіцца тайна Божая, як Ён абвясьціў рабам Сваім прарокам.
адно ў дні голасу сёмага Ангела, калі той затрубіць, ды споўніцца тайна Божая, як Ён абвясьціў раба́м сваім Прарокам.
І голас, які я чуў зь неба, зноў пачаў гаварыць са мною і сказаў: ідзі, вазьмі разгорнутую кніжку з рукі ў анёла, які стаіць на моры і на зямлі.
І голас, які чуў я з не́ба, ізноў прамовіў да мяне́ і сказаў: Ідзі, вазьмі кніжыцу разгорненую ў руцэ Ангела, што стаіць на моры й на зямлі.
І я пайшоў да анёла і сказаў яму: дай мне кніжку. Ён сказаў мне: вазьмі і зьеж яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд.
І пайшоў я к Ангелу, кажучы яму: Дай мне́ кніжыцу. І кажа мне́: Вазьмі ды зье́ш яе́; і зробіць яна горка табе́ ў жываце́, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд.
І ўзяў я кніжку з рукі анёла і зьеў яе; і яна ў вуснах маіх была салодкая, як мёд; а калі зьеў яе, дык горка зрабілася ў чэраве маім.
і ўзяў я кніжыцу з рукі Ангела ды зье́ў яе́; і, як зье́ў яе́, прагорк жывот мой.
І сказаў ён мне: табе трэба зноў прарочыць пра народы і плямёны і роды і цароў многіх.
І кажа ён мне́: Ты мусіш ізноў прарочыць аб народах, і плямёнах, і языкох, і царох многіх.