Адкрыцьцё 14 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе.
І глянуў я, і вось Ягня́ стаіць на гарэ Сыоне, і з ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць імя Айца Ягонага напісанае на лобе іх.
І пачуў я голас зь неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому; і пачуў голас быццам гусьляроў, што ігралі на гусьлях сваіх:
І пачуў я голас з не́ба, быццам гук ад множства водаў, ды быццам гук грымоту вялікага; і чуў я голас гусьляроў, на гусьлях сваіх іграючых;
яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтай песьні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі.
і пяюць яны як-бы пе́сьню новую перад пасадам і перад чатырма́ жывёламі і старыкамі; і ніхто ня мог навучыцца пе́сьні гэнае, апрача тых ста сараку чатырох тысячаў, што вы́куплены ад зямлі.
Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны цнотнікі; гэта тыя, якія ідуць сьледам за Ягнём, куды б яно ні пайшло. Яны адкуплены зь людзей, як першынцы Богу і Ягняці,
Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі, бо яны чыстыя; гэта тыя, што йдуць сьле́дам за Ягнём, куды-б Яно ні пайшло. Яны выкуплены ад людзе́й, першакí Богу й Ягняці.
і ў вуснах іхніх няма падступнасьці: яны беспахібныя перад тронам Божым.
І ў вуснах у іх няма́ хітрава́ньня: бо беззага́нныя яны перад пасадам Божым.
І ўбачыў я другога анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, які меў вечнае Дабравесьце, каб зьвеставаць насельнікам зямлі і кожнаму племені і пакаленьню, і роду і народу;
І ўгле́дзіў я другога Ангела, лятучы́ пасярод не́ба, які ме́ў ве́чнае Эвангельле, каб абвяшчаць жы́харам зямлі і ўсім плямёнам, і родам, і языкам, і народам,
і гаварыў ён гучным голасам: пабойцеся Бога і ўзьнясеце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонаму; і пакланецеся Стваральніку неба і зямлі, і мора і крыніц водаў.
ды гаварыў вялікім голасам: Бойцеся Бога і аддайце хвалу Яму, бо прыйшоў час суду Ягонага; і паклане́цеся Стварыцелю не́ба й зямлі, і мора, і крыніцаў вод.
І другі анёл сьледаваў за ім, кажучы: упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы.
І другі Ангел ішоў сьле́дам, мовячы: Упаў, упаў Вавілён, ме́ста вялізнае, бо юрным віном блуду свайго напаіў усе́ народы.
І трэйці анёл пасьледаваў за імі, кажучы гучным голасам: хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо на лоб свой альбо на руку сваю,
І трэці Ангел ішоў сьле́дам за імі, мовячы вялікім голасам: Калі хто паклоніцца зьве́ру й абразу́ ягонаму ды пры́ме кляймо на лоб свой ці на руку сваю,
той піцьме віно лютасьці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагні і серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём;
той пíціме віно гне́ву Божага, налітае без даме́шкі ў чару гне́ву Ягонага, і будзе мучы́цца ў вагні ды ў се́рцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягнём;
і дым цярпеньняў іхніх будзе ўзыходзіць ва векі вечныя, і ня мецьмуць спакою ні ўдзень, ні ўначы тыя, што пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму і прымаюць кляймо імя ягонага.
і дым му́кі іх будзе ўзьнімацца на ве́чныя вякí, і няма́ супакою ўдзе́нь і ўначы тым, што пакланяюцца зьве́ру й абразу́ ягонаму, ды хто прыняў кляймо іме́ньня ягонага.
Тут цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру ў Ісуса.
Тут цярплівасьць сьвятых; тут тыя, што захоўваюць за́паведзі Бога і ве́ру Ісу́саву.
І пачуў я голас зь неба, які мне казаў: напішы: ад сёньня дабрашчасьнікі — мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе; так, кажа Дух: яны супакояцца ад працы сваёй, і дзеі іхнія ідуць сьледам за імі.
І пачуў я голас з не́ба, які казаў мне́: Напішы: адгэтуль шчасьлівыя мёртвыя, што ўміраюць у Госпадзе. Запраўды́, кажа Дух: каб супачылі ад трудоў сваіх, і ўчынкі іх ідуць сьле́дам за імі.
І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў руцэ ў яго востры серп.
І глянуў я: і вось хмара бе́лая, і на хмары сядзіць падобны да Сына Чалаве́чага, маючы на галаве́ Свае́й вянок залаты і ў руцэ Свае́й востры се́рп.
І выйшаў другі анёл з храма і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: пусьці серп твой і пажні; бо прыйшоў час жніва; бо жніво на зямлі дасьпела.
І выйшаў із храму другі Ангел ды гукнуў вялікім голасам да Сідзя́чага на хмары: Пашлі се́рп Твой ды жні; бо прыйшла для Цябе́ гадзіна жніва́, бо жніво́ зямлі дасьпе́ла.
Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была выжата.
І кінуў Сідзя́чы на хмары се́рп Свой на зямлю, і зямля́ была пажа́та.
І другі анёл выйшаў з храма, які быў на небе, таксама з вострым сярпом.
І другі Ангел выйшаў із храму, што на не́бе, ды сам маючы востры се́рп.
І іншы анёл, які меў уладу над вагнём, выйшаў ад ахвярніка і зь вялікім крыкам усклікнуў да таго, хто меў востры серп: пашлі востры серп твой і абрэж гронкі вінаграду на зямлі, бо дасьпелі на ім ягады.
І выйшаў із ахвярніку іншы Ангел, што ма́е ўладу над агнем, і вялікім крыкам крыкнуў маючаму востры се́рп, мовячы: Пашлі твой востры се́рп ды зьбяры гронкі вінаграду зямлі, бо ўжо дасьпе́лі я́гады яго.
І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград на зямлі, і кінуў у вялікую чавільню гневу Божага.
І кінуў Ангел се́рп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў у ступу вялізную гне́ву Божага;
І патаптаны ягады ў чавільні за горадам, і пацякла кроў з чавільні аж да вуздэчак конскіх, на тысячу шасьцьсот стадыяў.
і патапталі ў ступе́ вонках ме́ста, і выйшла кроў із ступы ажно да ву́здаў конскіх на тысячу шэсьцьсот стадыяў.