Выслоўяў Саламонавых 17 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.
 

Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.
 

Плавільня — на срэбра, і гарніла — пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь.
 

Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.
 

Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.
 

Вянок старых — сыны сыноў, і словы дзяцей — бацькі іхнія.
 

Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму — вусны ілжывыя.
 

Хабар — каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.
 

Хто прыкрывае правіну — шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.
 

На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.
 

Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.
 

Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.
 

Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.
 

Пачатак свары — як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.
 

Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага — абодва агідныя Госпаду.
 

Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.
 

Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.
 

Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.
 

Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня.
 

Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.
 

Калі нарадзіў хто немысьля — сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца.
 

Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.
 

Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.
 

Мудрасьць — перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага — на канцы зямлі.
 

Неразумны сын — прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.
 

Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.
 

Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.
 

І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.