Выслоўяў Саламонавых 16 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.
 

Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.
 

Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.
 

Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.
 

Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.
 

Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.
 

Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.
 

Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.
 

Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.
 

У вуснах у цара — слова натхнёнае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.
 

Правільныя вагі і вагавыя шалі — ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.
 

Агідная царам — дзея беззаконная, бо праўдай мацуецца трон.
 

Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць.
 

Царскі гнеў — весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго.
 

У ясным позірку цара — жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае — як воблака з позьнім дажджом.
 

Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра.
 

Шлях у праведных — унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.
 

Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню — пыха.
 

Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.
 

Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны.
 

Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.
 

Розум таму, хто мае яго, — крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных — дурнота.
 

Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.
 

Прыемная мова — сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям.
 

Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх — да сьмерці.
 

Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны.
 

Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы.
 

Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў.
 

Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;
 

прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.
 

Вянок славы — сівізна на дарозе праўды.
 

Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.
 

На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны — ад Госпада.