Ісаі 34 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дабліжчася, народы, каб пачуць, і будзьце ўважлівыя, люды; няхай пачуе зямля а тое, што напаўняе яе, сьвет а ўсе, што прыходзе зь яго.
 

Бо абурэньне СПАДАРА на ўсі народы, і палкі гнеў Ягоны на ўсі войскі іхныя: Ён аканаваў іх, аддаў іх на зарэз.
 

І забітыя іхныя будуць раськінены, і падыймецца смурод ад трупоў іхных, і размокнуць горы ад крыві іхнае.
 

І ўсі гвезды нябёсныя стлеюць; і нябёсы будуць скручаны, як сувой; і ўсе гвезднае войска іх зьвяне, як вяне ліст вінное розкі і як вяне фіґа;
 

Бо ўпіўся на небе меч Мой; вось, ён зыходзе на Едом і на люд аканаваньня майго дзеля суду.
 

Меч СПАДАРОЎ поўны крыві, ён стаў сыты ад туку, ад крыві ягнят а казянят, ад туку з нырак бараноў; бо ў СПАДАРА аброк у Восры і вялікі зарэз у зямлі Едомскай.
 

І буйлы зыйдуць ізь імі, і цяляты з валамі, і зямля іхная будзе напоена крывёй, і пыл іхны стане сыты ад туку;
 

Бо дзень помсты СПАДАРОВАЕ, год адплаты, на абарону Сыёну.
 

І абернуцца рэкі ягоныя ў смалу, і пыл у серку, і зямля ягоная абернецца ў гарачую смалу;
 

Ночы ані ўдзень ня згасьне; навекі будзе падыймацца дым ейны; ад пакаленьня аж да пакаленьня будзе запусьцелаю: ніхто на векі вякоў ня будзе праходзіць па ёй.
 

І спадзець пэлікану а ежыку, і пугач і ґруґан будуць жыць на ёй; і Ён памерае яе шнюром дзеля спустошаньня і вагою дзеля разбурэньня.
 

Як пагукаюць дабрародных на каралеўства, то іх ня будзе, і ўсі князі яе стануць нічым.
 

І ўзыйдзе цернь у палацах яе, крапіва а асот — у гарадох яе; і стане яна сялібаю шакалаў а стравусаў.
 

Будуць сустракацца зьвяры пустыні із шакаламі, і касматыя будуць гукацца, ночныя дзіўствы будуць класьціся там і знаходзіць месца на супачынак.
 

Там будзе рабіць гняздо гад, несьціся, расьцінаць і зьбіраць пад сьцень свой; ґруґаны таксама будуць зьбірацца, кажны з таварышкаю сваёю.
 

Шукайце й прачытайце ў кнізе СПАДАРОВАЙ, што ні воднага зь іх ня будзе не ставаць, ні водзін ня будзе без таварышкі; бо вусны СПАДАРОВЫ далі загады, і Дух Ягоны зьбер іх.
 

І Ён кінуў на жэрабя ім, і рука Ягоная падзяліла яе ім шнюром; яны адзяржаць яе на векі, ад пакаленьня аж да пакаленьня будуць жыць на ёй.