Ісаі 52 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Прачхніся, прачхніся, апраніся ў сілу сваю, Сыёне! апраніся ў вадзецьце вялічча свайго, Ерузаліме, места сьвятое! бо наперад ня ўвыйдзе ў цябе неабрэзаны а нячысты.
Атрусіся з пылу, падыйміся, сядзь, Ерузаліме; разьвяжы паварозы шыі свае, палоненая дачка Сыёну;
Бо гэтак кажа СПАДАР: «За нішто вы былі праданы, і бяз срэбра будзеце адкуплены;
Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР, — люд мой зышоў да Ягіпту калісь, пабыць там, і Асыранін уціскаў яго бяз дай прычыны.
А цяпер, што Імне тут? — агалашае СПАДАР, — што люд Мой узяты за нішто? што дзяржаўцы ягоныя прыводзяць яго да выку, — агалашае СПАДАР, — і кажначасна ўвесь дзень ганена імя Мае.
Затым люд Мой будзе знаць імя Мае; затым таго дня пазнае, што Я тый Самы, Каторы кажа: во Я».
Якія пазорныя на гарах ногі пасланца дабравесьці, што агалашае супакой, што прыносе дабравесьць дабра, што агалашае спасеньне, што кажа Сыёну: «Каралюе твой Бог»!
Голас вартаўнікоў тваіх — паднялі голас, разам пяюць; бо вока ў вока абачыць, як СПАДАР зьверне Сыён.
Выбухніце радасьцяй, пяіце разам вы, спустошаныя месцы Ерузаліму, бо СПАДАР пацешыў люд Свой, спас Ерузалім.
СПАДАР агаліў сьвятое плячо Свае на ачох усіх народаў, і ўсі канцы зямлі абачаць спасеньне Бога нашага.
Адыйдзіце, адыйдзіце, выйдзіце адгэнуль, не датыкайцеся нячыстага, выйдзіце з пасярод яго, ачысьціцеся, каторыя носіце спрат СПАДАРОЎ.
Вы, адылі, не хапліва выйдзеце ані ўцекамі пойдзеце; бо йдзець сьпераду вас СПАДАР, зьбіраньнік ваш, Бог Ізраеляў.
Вось, Слуга Мой будзе дзеяць разумна, узвышыцца, узьнясецца і будзе вельма высака.
Як шмат хто зумяваўся зь Цябе; від Ягоны быў так зьнішчаны, як ні ў кога, і выгляд Ягоны, як ні ў кога із сыноў людзкіх!
Так Ён зразе шмат якія народы: каралі зачыняць вусны свае перад Ім; бо тое, што ня было паведана ім, яны абачаць, і, чаго ня чулі, зразумеюць.