Ісаі 42 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Во Слуга Мой, Каторага Я падпіраю, абраны Мой, Катораму прыяе душа Мая. Я даў Дух Свой на Яго; Ён абесьце суд народам.
 

Ён ня будзе крычэць ані гукаць, ані вонках дасьць пачуць голас свой;
 

Не пераломе наломленае трысьціны й курачага лёну ня згасе. Да праўды прывядзець суд;
 

Ня скволее ані зьбезахоціцца, пакуль не ўмацуе на зямлі суду; і Права Ягонага чакаюць абтокі».
 

Гэтак кажа Бог СПАДАР, Ён стварыў нябёсы й расьцягнуў іх, прасьцягнуў зямлю й што вышла зь яе; Ён даець душу люду на ёй і дух тым, што ходзяць па ёй.
 

«Я, СПАДАР, прыгукаў Цябе ў справядлівасьці, і ўхаплю Цябе за руку Тваю, і буду сьцерагчы Цябе, і дам Цябе як змову люду, на сьвятло народам,
 

Каб адчыніць нявісныя вочы, вывесьці вязьняў зь вязьніцы, седзячых у цямноце — зь цямніцы.
 

Я СПАДАР, гэта — Мае імя, і Я сьці Свае іншаму ня дам ані хвалы Свае выразаным балваном,
 

Першыя, бач, збыліся, і новае я паведамлю; уперад, чымся вырастуць, дам пачуць вам».
 

Пяіце СПАДАРУ новую песьню, хвалу ягоную з канца зямлі, вы, што зыходзіце на мора, і ўсе, што напаўняе яго, абтокі а жыхары іх.
 

Няхай пустыня а месты яе падыймуць голас, сёлы, ідзе Кідар жывець; няхай пяюць жыхары скалаў, зь вярхоў гор няхай гукаюць.
 

Хай аддадуць чэсьць СПАДАРУ і хвалу Ягоную на абтоках хай абяшчаюць.
 

СПАДАР, як дужасіл, выйдзе, як ваеньнік узруша рупатлівасьць, падыйме ваенны крык, будзе гукаць голасна; здужае непрыяцеляў Сваіх.
 

Я ад веку заставаўся супакойны, быў ціхі, узьдзержаваўся; цяпер буду крычэць, як родзячая жонка. Зьнішчу а праглыну разам:
 

Я спустошу горы а ўзгоркі, і высушу ўсі расьліны іх, і абярну рэкі ў вабтокі, і ставы высушу.
 

І павяду нявісных па дарозе, ім няведамай, Я прысілю іх ісьці па сьцежках, каторых яны ня знаюць; цемрадзь абярну перад імі ў сьвятліню, крывыя дарогі — ў простую: во, што Я зраблю ім і не пакіну іх.
 

Яны адступяць назад, вельма асарамацяцца, што спадзяюцца на выразанага, што кажуць выліванаму: «Вы нашы багове».
 

Слухайце вы, глухія, і глядзіце вы, нявісныя, каб абачыць.
 

Хто нявісны, як ня слуга Мой, і глухі, як пасланец Мой, што Я паслаў? хто нявісны так, як дасканальны, і нявісны, як слуга СПАДАРОЎ?
 

Ты бачыў шмат, але не назіраў; вушы твае былі адчынены, але ты ня слухаў.
 

СПАДАР вельма жадаў дзеля справядлівасьці Свае, Ён узьвялічыў Права й зрабіў яго пачэсьлівым.
 

Але ён люд разбураны а аглабаны; яны ўсі зьвязаны ў пячорах і схаваны ў цямніцах; яны сталі глабаньням, і няма выбавіцеля; яны аглабаны, і ніхто ня кажа: «Аддай назад».
 

Хто меж вас нахінець вушы да гэтага? прыслухаецца й пачуе прыйдучае?
 

Хто даў Якава на разбурэньне і Ізраеля глабаньнікам? ці ня быў гэта СПАДАР, супроці Каторага мы ізграшылі, не хацелі йсьці па дарогах Ягоных і не паслухалі права Ягонага?
 

І Ён выліў на яго вялікі гнеў Свой і злосьць вайны, і запаліла ўсе навокал яго, але ён ня ведаў, палала ў ім, але ён ня прыняў гэтага да сэрца.