Ісаі 62 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дзеля Сыёну ня змоўкну і дзеля Ерузаліму не супакоюся, пакуль справядлівасьць яго ня выйдзе як бліск, і спасеньне яго не загарыцца як падаючы сьветач.
 

І абачаць народы справядлівасьць тваю і ўсі каралі — чэсьць тваю, і назавуць цябе новым імям, каторае вымавяць вусны СПАДАРОВЫ.
 

І будзеш вянком пазору ў руццэ СПАДАРОВАЙ і каралеўскаю дыядэмаю — на далані Бога свайго.
 

Ужо ня скажуць на цябе «Адпушчаная», і зямлю тваю ня будуць зваць «Спустошанай», але ты будзеш званая «Любата Мая ў ёй», і зямля твая — «Замужка»; бо СПАДАР прыяе табе, і зямля твая будзе замужняя.
 

Бо як дзяцюк бярэць дзеўку, так сынове твае возьмуць цябе; як малады цешыцца з маладое, так будзе цешыцца зь цябе Бог твой.
 

На сьцянах тваіх, Ерузаліме, Я пастанавіў вартаўнікоў, каб яны ніколі, увесь дзень і ўсю ноч не змаўкалі. Прыпамінаючыя праз СПАДАРА! не давайце сабе супакою;
 

І ня дайце супакою Яму, пакуль ня ўладзе і ня ўчыне Ерузалім славаю на зямлі.
 

Прысягнуў СПАДАР правіцаю Сваёю і плячом сілы Свае: «Наперад збожжа твайго ня дам на ежу непрыяцелям тваім, і сынове чужаземцаў ня будуць піць віннога соку твайго, над каторым ты працаваў;
 

Але тыя, што зьбяруць яго, будуць есьці яго й выхваляць СПАДАРА, і зьбіраньнікі яго будуць піць яго на панадворку сьвятыні Мае».
 

Праходзьце, праходзьце брамамі, прыгатуйце дарогу люду, раўнуйце, раўнуйце гасьцінец, зьбірайце каменьне, падыймайце сьцяг перад людамі.
 

Вось, СПАДАР агалашае да канцоў зямлі: «Кажыце дачцэ Сыёну: "Вось, ідзець спасеньне твае, вось, заплата Ягоная зь Ім, і адплата Ягоная перад Ім"».
 

І будуць знаць іх: «Люд сьвяты», «Адкуплены СПАДАРОМ», а цябе назавуць «Выгляданае, непакіданае места».