Ісаі 17 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Цяжар узглядам Дамашку. — «Вось, Дамашк перастане быць местам, а будзе кучаю друзу.
Пакінены месты Ароеру, — стадам яны будуць, і будуць ляжаць, і ніхто іх ня спудзе.
І перастане быць горад Яхрэмаў, і каралеўства Дамашку, і астача Араму будзе, як слава сыноў Ізраельскіх, — агалашае СПАДАР войскаў.
І станецца таго дня: згалее чэсьць Якавава, і сытое цела ягонае схудае.
І будзе тое ж, што па жніве збожжа жнеяю, і па зжацьцю рукою яе каласоў, і просьле тога, як зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай.
І застануцца на ім зярняты чыста так, як пры трасеньню аліўкаў: дзьве-тры аліўкі на версе высокіх галінаў, чатыры-пяць на плодных голях, — агалашае СПАДАР, Бог Ізраеляў. —
Таго дня аберне людзіна пагляд да Стварыцеля свайго, і вочы ейныя Сьвятога Ізраелявага абачаць.
І не аберне пагляду да аброчнікаў работы рук сваіх, і на тога, што зрабілі палцы ейныя, ня будзе глядзець ані на гаі альбо на сонечныя абразы».
І таго дня ўмацаваныя месты ягоныя будуць, як пакіненыя месцы лесавых вышыняў а гаравых вярхоў, пакіненыя з прычыны сыноў Ізраелявых, і будзе спустошаньне;
Бо ты забыўся Бога спасеньня свайго і скалы моцы свае ня памятаваў; затым ты пасадзіў раскошныя расьліны і прышчапіў іх чужымі прышчэпамі.
Удзень, як ты садзіў сваю расьліну, ты рупіўся празь яе рост, і нараніцы, як ты сеяў, ты рупіўся празь яе квет; але ў дзень прыбытку копка жніва й сьмяротны боль.
Бяда груду шмат якіх людаў, што равуць, як равеньне мора, і напіраньню народаў; як напіраньне магучых водаў, яны напіраюць.
Народы, як напор вялікіх водаў, напіраюць; але Ён пачнець ганіць іх, і яны ўцякуць далёка, і будуць гнаныя, як ветрам гаравыя пасеі і як умецьце ад віхру.
Увечары, глянь — жах; перад раньням яго ня будзе. Такая доля тых, што глабаюць нас, і кон тых, што пустошаць нас.