Ісаі 2 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Здарэньне, каторае відзеў Ісая Амасёнак узглядам Юдэі а Ерузаліму.
І станецца апошніх дзён: будзе ўстаноўлена гара дому СПАДАРОВАГА на чале гораў, і падыймецца над узгоркі, і пацякуць да яе ўсі народы.
І пойдуць шмат якія люды, і скажуць: «Хадзіце і ўзыйдзіма на гару СПАДАРОВУ, да дому Бога Якававага, і Ён навуча нас дарогаў Сваіх, і мы пойдзем дарогамі Ягонымі»; бо із Сыёну выйдзе права і слова СПАДАРОВА зь Ерузаліму.
І будзе судзіць меж народаў і згане шмат якія люды; і перакуюць мячы свае на нарогі, і дзіды свае на сярпы; не падыйме народ на народ мяча, і наперад ня будуць вучыцца ваяваць.
Доме Якаваў! Прыйдзіце й пайдзіма ў сьвятліні СПАДАРОВАЙ!
Але, Ты пакінуў люд Свой, дом Якаваў; бо яны шмат перанялі з усходу, і варажбіты, як Пілішчане, і даюць рукі дзяцём чужаземцаў.
І напоўнілася зямля ягоная срэбрам а золатам, і няма канца скарбам ягоным; і напоўнілася зямля ягоная коньмі, і няма канца цялежкам ягоным;
І напоўнілася зямля ягоная балванамі; вырабу рук сваіх яны кланяюцца, таму, што зрабілі палцы іхныя.
І загбаўся чалавек, і паніжыўся мужчына; і не даруй ім.
Ідзі на скалу й схавайся ў зямлі ад страху СПАДАРОВАГА і ад славы вялічча Ягонага.
Гордыя вочы чалавека будуць паніжаны, і высакосьць людзёў будзе паніжана, і будзе ўзьвялічаны СПАДАР адзін таго дня;
Бо дзень СПАДАРА войскаў на кажнага гордага а высокага а на кажнага павышанага, і ён будзе паніжаны,
І на ўсі кедры лібанскія, высокія а вывышаныя, і на ўсі дубы вашанскія,
І на ўсі высокія горы, і на ўсі ўзвышаныя ўзгоркі,
І на кажную высокую вежу, і на кажную ўмацаваную сьцяну,
І на ўсі караблі таршыскія, і на ўсі іх жаданыя мастацтвы.
І будзе паніжана гордасьць людзіны, і пыхатасьць людзёў спадзець, і будзе ўзьвялічаны СПАДАР адзін таго дня.
І балваны чыста шчэзнуць.
І пойдуць яны да пячораў скалаў а раськепінаў зямлі ад страху СПАДАРОВАГА і ад славы вялічча Ягонага, як Ён паўстане, каб затрэсьці зямлю.
Таго дня кіне чалавек кратом а кажаном свае срэбныя балваны, што зрабіў сабе кланяцца,
Каб увыйсьці ў вадтуліны скал а ў раськепіны скал ад страху СПАДАРОВАГА і ад славы вялічча Ягонага, як Ён паўстане, затрэсьці зямлю.
Адкасьніцеся ад людзіны, каторае дых у ноздрах ейных, бо за каго яна мае быць уважана?