Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Браты! калі запраўды людзіне луча выступ, вы духоўныя праўце таковага ў духу лагоднасьці, назіраючы кажны за сабою, каб ня быць спакушаным.
Браты, калі і ўпадзе чалавек у які праступак, вы, духоўныя, выпраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, зважаючы на сябе, каб ня быць спаку́шанымі.
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтак вы споўніце закон Хрыстоў.
Насіце цяжа́ры адзін аднаго, і гэтак споўніце закон Хрыстовы.
Бо хто ўважае сябе за што-колечы, будучы нішто, тый ашукуе сам сябе.
Бо калі хто думае, што ён ёсьць нешта, будучы нічым, ашуквае самога сябе.
Кажны няхай спробуе свой учынак, і тады будзе мець пахвалу толькі ў сабе, а ня ў другім;
А кожны няхай выспрабоўвае справы свае, і тады будзе мець пахвалу́ толькі адносна сябе, а не адносна другога.
Бо кажны панясець свой цяжар.
Бо кожны панясе свой цяжа́р.
Навучаны словам дзяліся кажным дабром із навучаючым.
А хто навучаецца ў слове, няхай дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто навучае.
Ня дайся зводзіць; Бога не асьмяеш. Бо што пасее людзіна, тое й пажнець.
Не падманвайцеся, з Бога не пасьмяешся. Бо што чалавек сее, тое і будзе жаць.
Бо хто сее ў цела свае, пажнець расклад; а хто сее ў Дух, з Духа пажнець жыцьцё вечнае.
Хто сее ў цела сваё, з цела будзе жаць сапсутасьць; а хто сее ў Дух, з Духа будзе жаць жыцьцё вечнае.
Робячы дабро, не безнадзейся; бо ўпару пажнем, калі ня скволеем.
А робячы дабро, ня будзем журы́цца, бо ў свой час будзем жаць, калі не саслабеем.
Дык, пакуль ё час, рабіма дабро ўсім, і пагатове хатнім зь веры.
Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — сваім у веры.
Бачыце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам сваёй рукою.
Бачыце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёю рукою.
Зычачыя хваліцца целам сіляць вас абразацца адно дзеля таго, каб ня быць перасьледаванымі за крыж Хрыстоў;
Тыя, якія хочуць мець добры выгляд паводле цела, прымушаюць вас абрэзвацца толькі дзеля таго, каб ня быць ім перасьледаванымі за крыж Хрыстовы.
Бо й самы тыя, што абразаюцца, не дзяржаць Закону, але хочуць, каб вы абразаліся, каб пахваліцца целам вашым.
Бо нават тыя, што абрэзваюцца, самі не захоўваюць Закон, але хочуць, каб вы абрэзваліся, каб хвалі́цца целам вашым.
Але што да мяне, я ня буду хваліцца, хіба адно крыжам Спадара нашага Ісуса Хрыста, Каторым дзеля мяне сьвет укрыжаваны, і я дзеля сьвету.
А мне няхай не надарыцца хвалі́цца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне сьвет укрыжаваны, і я — для сьвету.
Бо ў Хрысту Ісусу нічога ня знача ані абразаньне, ані неабразаньне, але новы стварэнец.
Бо ў Хрысьце Ісусе ня ма́е аніякай сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але новае стварэньне.
Тым, што ходзяць подле гэтага правіла, супакой ім а міласэрдзе, і Ізраелю Божаму.
І хто ходзіць паводле гэтага правіла, на тых — супакой і міласэрнасьць, і на Ізраіль Божы.
Наапошку, няхай ніхто не цяжарыць мяне, бо я нашу на целе сваім болькі Спадара Ісуса Хрыста.
Нарэшце, няхай ніхто не дадае мне працы, бо я нашу пазна́кі Госпада Ісуса на целе маім.
Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.