Захарыі 8 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
І было слова СПАДАРА войскаў, кажучы:
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Завідаваў Я праз Сыён вялікай завісьцяй і вялікім гневам Я завідаваў".
Гэтак кажа СПАДАР: "Зьвярнуся Я да Сыёну й буду жыць у Ерузаліме, і будзе звацца Ерузалім местам праўды, і гара СПАДАРА войскаў — сьвятою гарою".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Яшчэ будуць сядзець старыя на вуліцах Ерузаліму, кажны а кажная з палкаю свайго ў руццэ сваёй з прычыны множасьці дзён.
І на вуліцах места гэтага будзе поўна хлопчыкаў і дзевачак, на вуліцах яго гуляючых".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Калі чудоўнае ў вачох засталых ізь люду гэтага гэтых дзён, нягож таксама будзе чудоўным у ваччу Маім?" — агалашае СПАДАР войскаў.
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Вось, Я вывальню люд Свой з усходняга краю і з краю заходзячага сонца;
І прывяду іх, і будуць яны жыць у Ерузаліме, і будуць Імне людам, а Я буду ім Богам у праўдзе а справядлівасьці".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Умацуйце рукі вашы вы, што чуеце гэтыя словы гэтых дзён із вуснаў прарокаў, каторыя былі ў дзень закладзінаў дому СПАДАРА войскаў, да пастанаўленьня палацу;
Бо перад гэтымі днямі ня было заплаты за наймо людзіны альбо якое-колечы заплаты за наймо жывёлы; ані выходзячаму, ані ўходзячаму ня было супакою ад непрыяцеля, бо Я дапусьціў кажнага чалавека супроці прыяцеля ягонага.
А цяпер ня так, як за пярэдніх дзён, Я буду да астачы гэтага люду, — агалашае СПАДАР войскаў; —
Бо засеяньне будзе ў супакою, віно дасьць плод свой, і зямля дасьць прыбытак свой, і нябёсы дадуць расу сваю, і Я аддам у дзяржаныя астачы люду гэтага ўсе гэта.
І станецца, што як вы былі праклёнам у народаў, доме Юдзін а доме Ізраеляў, так Я выбаўлю вас, і вы будзеце дабраславенствам; ня бойцеся: няхай умацуюцца рукі вашы!"
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Як я думаў зрабіць вам ліха, як айцове вашы гнявілі Мяне, — кажа СПАДАР войскаў, — і не шкадаваўся;
Так ізноў Я наважыў гэтых дзён зрабіць дабро Ерузаліму а дому Юдзінаму: ня бойцеся!
Гэта вы маеце рабіць: гукайце праўду адзін аднаму, праўду а суд супакою судзіце ў брамах сваіх;
І няхай ніхто з вас ня думае ў сэрцу сваім празь ліха прыяцелю свайму, і хвальшывае прысягі ня любіце, бо ўсе гэта я ненавіджу", — агалашае СПАДАР».
І было слова, СПАДАРОВА імне, кажучы:
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Пост чацьвертага месяца і пост пятага, і пост сёмага, і пост дзясятага будзе дому Юдзінаму радасьцяй а весялосьцяй а добрымі ўрочыстасьцьмі; адно любіце праўду а супакой".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Яшчэ станецца, што будуць прыходзіць люды а жыхары шмат якіх местаў;
І пойдуць жыхары аднаго места да другога, кажучы: "Пайдзіма, пайдзіма маліць від СПАДАРОЎ і шукаць СПАДАРА войскаў; пайду й я’.
І прыйдуць шмат якія люды а дужыя народы шукаць СПАДАРА войскаў у Ерузаліме і маліць від СПАДАРОЎ".
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Тых дзён станецца, што ўхопяцца дзесяцёх чалавекаў з усіх моваў народаў, нават ухопяцца за крысо Юдэя, кажучы: ’Пайдзіма з вамі, бо мы чулі — з вамі Бог’"».