1 Яна 5 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Кажны, хто вера, што Ісус ё Хрыстос, з Бога нарадзіўся, і кажны, хто мілуе Таго, Каторы нарадзіў, мілуе й народжанага зь Яго.
 
Кожны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстос, той ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Бога, які нарадзіў, любіць і Таго, хто з Яго нарадзіўся.

З тога пазнаем, што мы мілуем дзеці Божыя, калі мілуем Бога й дзяржым расказаньні Ягоныя.
 
З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы любім Бога і спаўняем Яго прыказаньні,

Бо гэта ё міласьць Бога, каб мы дзяржалі расказаньні Ягоныя; і расказаньні Ягоныя не цяжкія.
 
бо любоў да Бога ў тым, каб спаўняць прыказаньні Ягоныя, а прыказаньні Ягоныя ня цяжкія.

Бо ўсе, што нарадзілася з Бога, перамагае сьвет; і гэта ё перамога, што перамагла сьвет, вера наша.
 
Кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае сьвет; і гэтая перамога, што перамагае сьвет, ёсьць вера нашая.

Хто перамагае сьвет, калі ня тый, хто вера, што Ісус ё Сын Божы?
 
А хто перамагае сьвет, калі ня той, хто верыць, што Езус ёсьць Сын Божы!

Гэты ё Ісус Хрыстос, прышлы вадою й крывёю, не вадою адно, але вадою й крывёю; і Дух сьветча празь Яго, бо Дух ё праўда.
 
Езус Хрыстос ёсьць Тым, хто перайшоў праз ваду і кроў. Ня толькі праз ваду, але праз ваду і кроў. І Дух дае сьведчаньне, бо Дух ёсьць праўда.

Бо тры сьветчаць на небе: Айцец, Слова а Дух сьвяты; і гэтыя тры адно.
 
Бо трох даюць сьведчаньне:

І тры, што сьветчаць на зямлі: дух і вада і кроў; і гэтыя тры згодныя ў вадным.
 
Дух, вада і кроў, і гэтых трох ёсьць адно.

Калі мы прыймаем сьветчаньне людзкое, сьветчаньне Божае — большае, бо гэта ё сьветчаньне Божае, каторым пасьветчыў праз Сына Свайго.
 
Калі мы прыймаем сьведчаньне людзей, дык сьведчаньне Божае ёсьць большае, бо гэта сьведчаньне Бога, якім Ён сьведчыць аб Сыне сваім.

Хто вера ў Сына Божага, мае сьветчаньне ў сабе самым; хто ня вера Богу, мае Яго за маныша, бо не паверыў сьветчаньню, каторым Бог пасьветчыў праз Сына Свайго.
 
Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе сьведчаньне Бога. Хто ня верыць Богу, зрабіў Яго ашуканцам, бо ня ўверыў сьведчаньню, якое даў Бог аб Сыне сваім.

І гэта ё сьветчаньне, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, а гэта жыцьцё ё ў Сыну Ягоным.
 
А сьведчаньне такое, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.

Хто мае Сына, мае жыцьцё; хто ня мае Сына, ня мае жыцьця.
 
Той, хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае таксама і жыцьця.

Гэта напісаў я вам, каб вы ведалі, што вы, каторыя верыце ў імя Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.
 
Пра гэта напісаў я вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае.

І вось, адвага, каторую мы маем да Яго, што калі просім у Яго чаго-колечы подле волі Ягонае, Ён слухае нас;
 
І вось давер, які мы маем да Яго, што, калі чаго паводле волі Яго просім, Ён выслухоўвае нас.

А калі мы ведаем, што Ён слухае нас, чаго-колечы толькі просім, — ведаем, што адзяржым прошанае ў Яго.
 
І калі ведаем, што Ён выслухоўвае ўсе нашыя просьбы, дык ведаем, што атрымаем тое, пра што Яго прасілі.

Калі хто бача брата свайго, што грэша грэхам не да сьмерці, няхай просе, і ён дасьць яму жыцьцё, таму, што ня грэша да сьмерці. Ё грэх да сьмерці: не праз тый кажу, каб ён маліўся.
 
Калі хто бачыць, што брат яго дапускаецца грэху не на сьмерць, хай моліцца і верне Бог яму жыцьцё, таму, каторага грэх не на сьмерць. Ёсьць такі грэх, што на сьмерць; не кажу, каб за такога маліцца.

Кажная несправядлівасьць ё грэх, ды ё грэх не да сьмерці.
 
Кожнае беззаконьне ёсьць грэх, аднак ёсьць грахі, што не на сьмерць.

Мы ведаем, што кажны, народжаны з Бога, ня грэша; але народжаны з Бога заховуе сябе, і злы не датыкаецца да яго.
 
Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, але Той, які народжаны ад Бога, захоўвае сябе, і ліхі не дакранецца яго.

Мы ведаем, што мы з Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у нягоднасьці.
 
Ведаем, што мы ад Бога, а ўвесь сьвет апанаваны ліхім.

І ведаем, што Сын Божы прышоў і даў нам розум, каб мы зналі Таго, Хто ё праўда, і мы ў Тым, Каторы праўда, у Сыну Ягоным Ісусу Хрысту: Гэты ё праўдзівы Бог і жыцьцё вечнае.
 
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы ў Тым, хто праўдзівы, у Сыне Яго Езусе Хрысьце. Ён ёсьць праўдзівы Бог і Жыцьцё вечнае.

Дзеткі! сьцеражыцеся балваноў.
 
Дзеткі, сьцеражыцеся ідалаў!