1 Яна 5 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсць Хрыстос, той ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Бога, Які нарадзіў, любіць і Таго, Хто з Яго нарадзіўся.
Кожны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстос, той ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Бога, які нарадзіў, любіць і Таго, хто з Яго нарадзіўся.
З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы любім Бога і выконваем Яго прыказанні,
З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы любім Бога і спаўняем Яго прыказаньні,
бо любоў да Бога ў тым, каб мы выконвалі прыказанні Яго, а прыказанні Яго не цяжкія,
бо любоў да Бога ў тым, каб спаўняць прыказаньні Ягоныя, а прыказаньні Ягоныя ня цяжкія.
бо кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае свет; і, вось, перамога, што перамагае свет, — вера наша.
Кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае сьвет; і гэтая перамога, што перамагае сьвет, ёсьць вера нашая.
А хто перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы!
А хто перамагае сьвет, калі ня той, хто верыць, што Езус ёсьць Сын Божы!
Ісус Хрыстос ёсць Той, Хто перайшоў праз ваду і кроў; не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў. І Дух дае сведчанне, бо Дух ёсць праўда.
Езус Хрыстос ёсьць Тым, хто перайшоў праз ваду і кроў. Ня толькі праз ваду, але праз ваду і кроў. І Дух дае сьведчаньне, бо Дух ёсьць праўда.
Бо трое даюць сведчанне ў небе: Айцец, Слова і Святы Дух. І гэтыя трое ёсць адно.
Бо трох даюць сьведчаньне:
І тры сведчаць на зямлі: Дух, вада і кроў, і гэтыя трое пра адно.
Дух, вада і кроў, і гэтых трох ёсьць адно.
Калі мы прымаем сведчанне людзей, дык сведчанне Божае большае, бо гэта сведчанне Бога, якім Ён засведчыў аб Сыне Сваім.
Калі мы прыймаем сьведчаньне людзей, дык сьведчаньне Божае ёсьць большае, бо гэта сьведчаньне Бога, якім Ён сьведчыць аб Сыне сваім.
Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе сведчанне Бога. Хто не верыць Богу, зрабіў Яго ашуканцам, бо не паверыў у сведчанне, якое даў Бог аб Сыне Сваім.
Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе сьведчаньне Бога. Хто ня верыць Богу, зрабіў Яго ашуканцам, бо ня ўверыў сьведчаньню, якое даў Бог аб Сыне сваім.
А сведчанне такое, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё ў Сыне Яго.
А сьведчаньне такое, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.
Той, хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.
Той, хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае таксама і жыцьця.
Пра гэта напісаў я вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыццё вечнае, і каб верылі ў імя Сына Божага.
Пра гэта напісаў я вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае.
І вось давер, які мы маем да Яго, што, калі чаго паводле волі Яго просім, Ён слухае нас.
І вось давер, які мы маем да Яго, што, калі чаго паводле волі Яго просім, Ён выслухоўвае нас.
І калі ведаем, што Ён слухае нас, пра што б мы ні прасілі, дык ведаем, што мы маем права прасіць, чаго хочам ад Яго.
І калі ведаем, што Ён выслухоўвае ўсе нашыя просьбы, дык ведаем, што атрымаем тое, пра што Яго прасілі.
Калі хто бачыць, што брат яго грашыць грахом несмяротным, хай моліцца, і дасць Бог яму жыццё, — маю на ўвазе таго, чый грэх несмяротны. Ёсць грэх смяротны; не кажу, каб за такога маліцца.
Калі хто бачыць, што брат яго дапускаецца грэху не на сьмерць, хай моліцца і верне Бог яму жыцьцё, таму, каторага грэх не на сьмерць. Ёсьць такі грэх, што на сьмерць; не кажу, каб за такога маліцца.
Кожнае беззаконне ёсць грэх, аднак ёсць грахі, што не на смерць.
Кожнае беззаконьне ёсьць грэх, аднак ёсьць грахі, што не на сьмерць.
Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, але той, які народжаны ад Бога, захоўвае сябе, і ліхі не дакранецца да яго.
Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, але Той, які народжаны ад Бога, захоўвае сябе, і ліхі не дакранецца яго.
Ведаем, што мы ад Бога, а ўвесь свет апанаваны ліхім.
Ведаем, што мы ад Бога, а ўвесь сьвет апанаваны ліхім.
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Таго, Хто праўдзівы; і мы ў Тым, Хто праўдзівы, у Сыне Яго Ісусе Хрысце. Ён праўдзівы Бог і Жыццё вечнае.
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы ў Тым, хто праўдзівы, у Сыне Яго Езусе Хрысьце. Ён ёсьць праўдзівы Бог і Жыцьцё вечнае.
Дзеткі, сцеражыцеся балванаў! Амін.
Дзеткі, сьцеражыцеся ідалаў!