Дзеі 6 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І тых дзён, як павялічыўся лік вучанікаў, пачалося нараканьне Гэленістых на Гэбрэістых, што ўдовы іхныя занядбаны ў штадзеннай паслузе.
У тыя дні, калі колькасць вучняў узрастала, пачалі геленісты наракаць на гебраяў, што ў штодзённым абслугоўванні іх удовы былі крыўджаны.
Тады двананцацёх, згукаўшы множасьць вучанікаў, сказалі: «Ня добра, каб мы, пакінуўшы слова Божае, служылі сталом.
Тады дванаццаць, склікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Не прыдатна нам, пакінуўшы слова Божае, паслугаваць пры сталах.
Дык, браты, нагледзьце з памеж сябе сямёх добрае славы, поўных Духа а мудрасьці, каторых пастановім на гэты занятак,
Таму вось, браты, нагледзьце паміж сябе сем мужоў з добрым імем і поўных Духа Святога і мудрасці, якіх паставім на гэтую патрэбу.
А самы аддамося бязупынку малітве а службе слова».
А мы ўсцяж будзем на малітве і паслузе слова».
І ўпадабала гэтае слова ўся множасьць; і абралі Сьцепана, мужа поўнага веры а Духа Сьвятога, а Піліпа а Прахора а Міканора а Тымона а Пармена а Міколу, нова-наверненага з Антыёхі,
І спадабалася гэтая прапанова ўсім сабраным, і выбралі Сцяпана, чалавека, поўнага веры і Духа Святога, і Піліпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празеліта,
Каторых пастанавілі перад апосталамі; і, памаліўшыся, яны ўзлажылі рукі на іх.
і паставілі іх перад Апосталамі, і яны, молячыся, усклалі на іх рукі.
І слова Божае расло, і лік вучанікаў вельма мнажыўся ў Ерузаліме, і вялікі груд сьвятароў быў паслухмены веры.
І слова Божае расло, і павялічвалася вельмі лічба вучняў у Ерузаліме; нават вялікая колькасць святароў схілілася да веры.
І Сьцяпан, поўны ласкі а моцы, чыніў чудосы а вялікія знакі памеж люду.
Сцяпан жа, поўны веры і моцы, чыніў цуды ды вялікія знакі ў народзе.
І паўсталі некатрыя з бажніцы, званай бажніцаю Свабодных а Кірынейцаў, і Александрыцых, і тыя зь Кілікі а Азі, сьперачаючыся ізь Сьцепаном;
Тады падняліся некаторыя з сінагогі, званай Лібяртынскай, і з Цырэнскай ды з Александрыйскай, ды з тых, што былі з Цыліцыі ды з Азіі, дыспутуючы са Сцяпанам.
Але не маглі ўстоіць супроці мудрасьці а Духу, Каторым гукаў.
І не маглі яны ўстаяць супраць мудрасці і Духа, у Якім ён прамаўляў.
Тады яны падвучылі некатрых, каторыя сказалі: «Мы чулі, што ён гукаў блявузґальныя словы на Масея а Бога».
Тады падаслалі яны людзей, якія казалі: «Мы чулі, як ён казаў блюзненні на Майсея і Бога».
І паднялі люд а старцоў а кніжнікаў, і, напаўшы, схапілі яго й павялі да сынэдрыёну.
І ўзбурылі народ, і старэйшын, і кніжнікаў; і, збегшыся, схапілі яго і завялі ў раду.
І пастанавілі хвальшывыя сьветкі, каторыя казалі: І«Гэты чалавек не перастаець гукаць на сьвятое месца а на Права;
І паставілі фальшывых сведкаў, што казалі: «Гэты чалавек не перастае прамаўляць ганебныя словы супраць святога месца ды супраць закону.
Бо мы чулі, як ён казаў, што гэты Ісус Назарэцянін зьнішча гэтае месца і зьмене абычаі, каторыя Масей перадаў нам».
Бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэта зруйнуе гэтае месца і пазмяняе звычаі, якія нам перадаў Майсей».
І ўсі, што сядзелі ў сынэдрыёне, уцеміўшыся ў яго, бачылі від ягоны, як від ангіла.
І ўсе, што засядалі ў радзе, угледзеўшыся ў твар яго пільна, бачылі твар яго, як твар анёла.