Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
За два дні ж была Пасха а Праснакі. І шукалі найвышшыя сьвятары а кніжнікі, як бы няць Яго падходам, каб маглі забіць;
Было два дні да свята Пасхі і Праснакоў. Першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы ўзяць Езуса хітрасцю і забіць,
Бо гукалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася ўзрушэньне люду».
бо казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».
І як Ён быў у Віфані, у доме Сымона пракажанага, і ўзьляжаў за сталом, прышла жонка з алябастравай судзіною нардавага алею, чыстага а вельмі дарагога; і, разьбіўшы алябастравую судзіну, выліла на галаву Яму.
Калі Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона, і быў за сталом, прыйшла жанчына з алебастравым флаконам міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і, разбіўшы флакон, выліла Яму на галаву.
А Некатрыя абураліся мяжсобку: «Нашто гэтая страта масьці?
А некаторыя абураліся паміж сабою: «Навошта гэткае марнатраўства міра?
Бо можна было б прадаць яе балей, чымся за трыста дынароў, і раздаць убогім». І гневаліся на яе.
Бо можна было прадаць гэтае міра больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім». І папракалі яе.
Але Ісус сказаў: «Пакіньце яе; нашто робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла Імне.
Але Езус сказаў: «Пакіньце яе. Навошта дакучаеце ёй? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.
Бо ўбогіх маеце заўсёды із сабою і ў часе, калі захочаце, можаце рабіць ім дабро; а Мяне не заўсёды маеце.
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім чыніць дабро; а Мяне не заўсёды маеце.
Яна зрабіла, што магла: загадзя намасьціла цела Мае да пахову.
Яна зрабіла, што магла: загадзя намасціла цела Маё для пахавання.
Запраўды кажу вам: ідзе толькі будзе абяшчана Евангеля гэтая па цэлым сьвеце, таксама, што яна зрабіла, сказана будзе на памятку яе».
Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, пра тое, што зрабіла яна, сказана будзе на ўспамін аб ёй».
І Юда Іскарыёт, адзін із двананцацёх, пайшоў да найвышшых сьвятароў, каб выдаць Яго ім.
Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць ім Езуса.
Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбла. І ён шукаў, як бы прыгодна ізрадзіць Яго.
Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе выдаць Яго.
І на першы дзень Праснакоў, як абракалі пасхальнага баранчыка, вучанікі Ягоныя сказалі Яму: «Ідзе хочаш, каб мы, пашоўшы, прыгатавалі, каб Ты мог есьці пасху?»
У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?»
І паслаў двух із вучанікаў Сваіх, і сказаў ім: «Ідзіце да места, і стрэне вас чалавек, нясучы жбан вады; ідзіце за ім.
І Ён паслаў двух з вучняў сваіх, кажучы ім: «Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім
І куды ўвыйдзе, скажыце гаспадару дому таго: "Вучыцель кажа: ідзе гасьцінны пакой Мой, у каторым Я змог бы есьці пасху з вучанікамі Сваімі?"
і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: “Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі?”
І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы, прыгатаваны; там прыгатуйце нам».
Ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам».
І вучанікі Ягоныя пайшлі, і прышлі да места, і знайшлі, як Ён сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
Вучні Ягоныя пайшлі і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі Пасху.
І як зьвечарэла, Ён прыходзе з двананцацьма.
А калі звечарэла, Ён прыйшоў з Дванаццаццю.
І, як яны ўзьляжалі а елі, Ісус сказаў: «Запраўды кажу вам, адзін із вас, каторы есьць із Імною, ізрадзе Мяне».
Калі яны былі за сталом і елі, Езус сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне».
І яны пачалі смуціцца й казалі Яму адзін за адным: «Ці ня я» і другі: «Ці ня я?»
Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я?»
І Ён, адказуючы, сказаў ім: «Адзін із двананцацёх, што мачае з Імною ў місе.
А Ён сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною ў місе.
Сын Людзкі запраўды йдзець, як напісана празь Яго; але бяда таму чалавеку, каторым Сын Людзкі ізраджаецца; валей было б не радзіцца таму чалавеку».
Бо сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца».
І як яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, ламіў а даваў ім, кажучы: «Вазьміце, ежча; гэта ё цела Мае».
Калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім, кажучы: «Бярыце, гэта Цела Маё».
І ўзяўшы чару, і даўшы дзякі, падаў ім; і пілі зь яе ўсі.
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і даў ім; і пілі з яго ўсе.
І сказаў ім: «Гэта ё кроў Мая Новага Закону, за шмат выліваная.
І сказаў ім: «Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца.
Запраўды кажу вам: Я ўжо ня буду піці з плоду віннога аж да таго дня, калі буду піць новае ў гаспадарстве Божым».
Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым».
І, запяяўшы псальму, вышлі на гару Аліўную.
І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару.
І Ісус кажа ім: «Усі вы спакусіцеся з прычыны Мяне гэтае ночы; бо напісана: "Вытну пастыра, і рассыпяцца авечкі".
І сказаў ім Езус: «Усе вы зняверыцеся, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі”.
Але, як ускрэсну, выпераджу вас да Ґалілеі».
Але пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі».
І Пётра сказаў Яму: «Хоць усі спакусяцца, але ня я».
Пётр сказаў Яму: «Калі ўсе і зняверацца, але толькі не я».
І сказаў яму Ісус: «Запраўды кажу табе, што сядні гэтае ночы, уперад чымся пятух запяець двойчы, ты выпрашся Мяне трэйчы».
Адказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
Але ён станаўчэй казаў: «Калі б я меў памерці з Табою, ніколі ня выпруся Цябе». Гэтак і ўсі іншыя казалі.
Але ён яшчэ настойлівей казаў: «Калі б трэба было памерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе». Тое самае казалі ўсе.
І прышлі на месца, званае Ґефсыманя; і Ён сказаў вучанікам Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».
Калі яны прыйшлі ў месца, якое называлася Гетсэманія, Езус сказаў вучням сваім: «Сядзьце тут, пакуль Я памалюся».
І, узяўшы із Сабою Пётру а Якава а Яана, пачаў жахацца а немарасьціцца.
Ён узяў з сабою Пятра, Якуба і Яна; і ахапіў Яго страх і трывога.
І кажа ім: «Надзвычайна смутная душа Мая аж да сьмерці; пачакайце тут і будзьце чукавыя».
І сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце».
І адышоўся крыху, і паў на зямлю, і маліўся, каб, калі б гэта было магчыма, мінула Яго гадзіна гэтая.
Адышоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна;
І казаў: «Аўва, Войча! усе магчыма Табе, аддаль ад Мяне чару гэтую, не чаго Я хачу, адылі, але чаго Ты».
і казаў: «Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты».
І прыходзе, і засьпяець іх сьпячых, і кажа Пётру: «Сымоне, ты сьпіш? ня мог ты аднае гадзіны ня спаць?
Калі вярнуўся і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Сымоне, спіш? Ты не мог чуваць адной гадзіны?
Будзьце чукавыя й маліцеся, каб не паддацца спакусе. Дух, праўда, імклівы, але цела млявае».
Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе. Сапраўды, дух ахвочы, але цела слабое».
І ўзноў адыйшоўся, і маліўся, і казаў тыя самыя словы.
І зноў, адышоўшы, маліўся тымі ж словамі.
І ўзноў прышоўшы, засьпеў іх ізноў сьпячых, бо вочы ў іх ацяжэлі; і яны ня ведалі, што адказаць Яму.
Вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя; а яны не ведалі, што Яму адказаць.
І прыходзе трэйці раз, і кажа ім: «Сьпіце ўжо а супачывайце. Годзе! настала гадзіна; вось, Сын Людзкі выдаецца ў рукі грэшнікаў.
І прыйшоў Ён трэці раз, і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Досыць, настала гадзіна: вось выдаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.
Устаньце, ідзіма; гля, бліжыцца тый, што ізраджае Мяне».
Устаньце, пойдзем, вось наблізіўся мой здраднік».
І зараз, як Ён яшчэ гукаў, прыбывае Юда, што быў адзін із двананцацёх, і зь ім груд вялікі зь мячамі а кіямі ад найвышшых сьвятароў а ад кніжнікаў а ад старцоў.
Адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
І зраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, тый ё; імайце Яго і вядзіце асьцярожна».
А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго і вядзіце асцярожна».
І, прышоўшы, зараз падышоў да Яго, і кажа: «Раббі! Раббі!» і горача пацалаваў Яго.
Прыйшоўшы, ён адразу падышоў да Езуса і сказаў: «Раббі!» І пацалаваў Яго.
І яны ўзлажылі рукі свае на Яго, і нялі Яго.
А яны ўсклалі на Яго рукі свае і схапілі Яго.
І адзін із стаячых тут агаліў меч, і выцяў слугу найвышшага сьвятара, і адцяў яму вуха.
Адзін жа з тых, хто стаяў побач, дастаўшы меч, ударыў слугу першасвятара і адсек яму вуха.
І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Бы на разбойніка, вы вышлі зь мячамі а кіямі няць Мяне.
Адказваючы, Езус сказаў ім: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне.
Што дня я быў з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне. Але каб выпаўніліся Пісьмы».
Кожны дзень Я быў з вамі ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне. Але, каб збыліся Пісанні».
Тады, пакінуўшы Яго, усі ўцяклі.
І усе, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
Адзін жа маладзён, накінуўшы палатніну на голага, ішоў за Ім; і маладзёны нялі яго.
Адзін юнак, накінуўшы палатно на голае цела, ішоў следам за Ім; і схапілі яго.
Але ён, пакінуўшы палатніну, уцёк ад іх голы.
А ён, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.
І завялі Ісуса да найвышшага сьвятара; і ў яго былі зьбершыся ўсі найвышшыя сьвятары а старцы а кніжнікі.
Езуса завялі да першасвятара, у якога сабраліся ўсе першасвятары, старэйшыны і кніжнікі.
А Пётра йшоў за Ім воддаль, ажно на панадворак найвышшага сьвятара; і сядзеў із паслугачымі і грэўся ля цяпла.
А Пётр зводдаль ішоў следам за Ім аж у сярэдзіну, на дзядзінец першасвятара. Ён сядзеў са слугамі і грэўся каля агню.
А найвышшыя сьвятары а ўвесь сынэдрыён шукалі сьветчаньня на Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць; і не знаходзілі.
А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі супраць Езуса сведчання, каб забіць Яго, і не знаходзілі.
Бо шмат было хвальшывых сьветак на Яго, але сьветчаньні іхныя ня былі згодныя.
Бо многія давалі ілжывыя сведчанні супраць Яго, але сведчанні не супадалі.
Тады некатрыя, устаўшы, хвальшыва сьветчылі на яго, кажучы:
А некаторыя, устаўшы, сведчылі супраць Яго ілжыва, кажучы:
«Мы чулі, што Ён казаў: "Я абуру Дом Божы гэты, рукамі зроблены, і за тры дні іншы, ня рукамі зроблены, пастанаўлю"».
«Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую рукатворную святыню і за тры дні адбудую іншую, нерукатворную”».
Але й гэта сьветчаньне іхнае ня было згоднае.
Але і так сведчанне іхняе не супадала.
Тады найвышшы сьвятар стаў пасярод і пытаўся ў Ісуса, кажучы: «Не адказуеш Ты нічога, што гэтыя на Цябе сьветчаць?»
Тады стаў першасвятар пасярэдзіне і спытаўся ў Езуса, кажучы: «Нічога не адказваеш на тое, што яны супраць Цябе сведчаць?»
Але Ён маўчэў і нічога не адказаў. Ізноў найвышшы сьвятар папытаўся ў Яго і сказаў Яму: «Ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?»
Але Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго і казаў Яму: «Ці Ты Хрыстус, Сын Благаслаўлёнага?»
І Ісус сказаў: «Я; і вы абачыце Сына Людзкога, на правіцы Моцы седзячага і прыходзячага ў булакох нябёсных».
Езус сказаў: «Я. І вы ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».
Тады найвышшы сьвятар, разьдзершы адзецьце свае, сказаў: «Нашто яшчэ нам сьветкі?
Першасвятар жа разадраў адзенне сваё і сказаў: «Навошта яшчэ нам сведкі?
Вы чулі блявузґаньне. Як вам здаецца?» Яны ж усі прызналі, што Ён варты сьмерці.
Вы чулі блюзнерства. Як вам здаецца?» І яны ўсе прызналі Яго вартым смерці.
І некатрыя пачалі пліваць на Яго, і закрываць яму відзеньне, і поўшыць, і казаць Яму: «Прарачы»; і слугі білі Яго далонямі.
Некаторыя пачалі пляваць на Яго і закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: «Прароч». Таксама слугі білі Яго па твары.
І як Пётра быў далавах на панадворку, прышла адна з паслугачых найвышшага сьвятара
Калі Пётр быў унізе на дзядзінцы, прыйшла адна служанка першасвятара
І, абачыўшы Пётру, каторы грэўся, яна глянула на яго й сказала: «І ты быў зь Ісусам Назарэцкім».
і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыгледзелася да яго і сказала: «І ты быў з Езусам Назаранінам!»
Але ён выперся, сказаўшы: «Ня ведаю і не разумею, што ты кажаш». І вышаў вонкі на пярэдні панадворак; і запяяў пятух.
Але ён адрокся, сказаўшы: «Не ведаю і не разумею, што ты кажаш!» І выйшаў адтуль на пярэдні дзядзінец. І заспяваў певень.
І паслугачая, абачыўшы яго, ізноў пачала гукаць тым, што стаялі там: «Гэты зь іх».
Служанка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, хто стаяў побач: «Гэты з іх!»
І ён ізноў выперся. І крыху пасьлей, тыя, што стаялі там, ізноў сказалі Пётру: «Запраўды ты зь іх, бо ты Ґалілеянін, і мова твая падобная».
Ён жа зноў адрокся. Крыху пазней тыя, хто стаяў тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: «Сапраўды, ты з іх, бо ты галілеец».
Але ён пачаў клясьціся а бажыцца: «Я ня знаю чалавека, праз каторага вы гукаеце».
Ён жа пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека, пра якога гаворыце!»
І якга другі раз пятух запяяў. І Пётра прыпомнеў слова, што Ісус казаў яму: «Уперад чымся пятух двойчы запяець, ты выпрашся Мяне трэйчы».
І адразу другі раз заспяваў певень. Тады ўзгадаў Пётр слова, сказанае яму Езусам: «Перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.