1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Наапошку, браты, просім а молім вас Спадаром Ісусам, каб, як вы прынялі ад нас, як належа паступаць і гадзіць Богу, так і жывіце, каб вы збыткавалі яшчэ балей;
 
Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб вы, як прынялі ад нас, я́к трэба вам паступаць і дагаджаць Богу, дале́й узбагачаліся,

Бо вы ведаеце, што за расказаньні мы далі вам Спадаром Ісусам.
 
бо ве́даеце, якія мы далі вам за́паведзі ад Госпада Ісуса.

Бо гэта ё воля Божая, — пасьвячэньне вашае, каб вы ўзьдзержаваліся ад бязулства;
 
Бо гэта воля Божая, асьвячэньне вашае, каб вы ўзьдзе́ржываліся ад блуду,

Каб кажны з вас умеў як дзяржаць судзіну сваю ў пасьвячэньню а сьці,
 
каб кожны з вас уме́ў захоўваць сваю судзіну ў сьвятасьці і чэсьці,

А не ў жарсьці жады, як пагане, што ня знаюць Бога.
 
а не ў пажадлівасьці юрлівай, як і пагане, што ня ве́даюць Бога;

Не выступайце з права і ня крыўдзьце брата свайго ў справе, бо Спадар помсьнік за ўсе гэта, як мы вам уперад казалі і сьветчылі.
 
каб не рабілі праступку ні ў якім дзе́ле і не разжываліся з брата свайго: бо Госпад памсьціцца за ўсё гэтае, як і ране́й мы гаварылі вам і сьве́дчылі.

Бо пагукаў нас Бог не да нечысьціні, але да сьвятасьці.
 
Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.

Дык хто гэта адхінае, не людзіну адхінае, але Бога, Каторы й даў вам Духа Сьвятога Свайго.
 
Дык, хто адкідае, той адкідае не чалаве́ка, але Бога, Які і Духа Сьвятога нам даў.

Вось жа празь любосьць братнюю няма патрэбы пісаць вам, бо вы самы навучаны Богам любіць адно аднаго;
 
Аб любві-ж братняй няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго,

Бо гэта запраўды вы й робіце ўзглядам усіх братоў па ўсёй Макядоні. Але захочуем вас, браты, рабіць так балей
 
дый вы гэтак і ро́біце з усімі братамі па ўсе́й Македоніі. Дык молім вас, браты, пасьпявайце бале́й

І рупатліва імкнуцца жыць супакойна, і глядзець сваіх справаў, і рабіць сваімі рукамі, як мы расказалі вам;
 
і пільна дбайце аб тое, каб жыць ціха і рабіць сваё, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы запаве́далі вам;

Каб вы прыходна жылі перад навоннымі і нічога не патрабавалі.
 
каб вы паступалі прыстойна перад тымі, што вонках, і ні ў чым ня ме́лі нястачы.

Не хачу ж, браты, каб вы былі ў неведзі ўзглядам сьпячых, каб вы ня смуціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.
 
Не хачу-ж пакінуць вас, браты, у няве́даньні аб паме́ршых, каб ня тужылі вы, як і іншыя, што ня маюць надзе́і.

Бо калі мы верым, што Ісус памер і ўскрэс, дык і Бог перазь Ісуса прывядзець ізь Ім заснулых.
 
Бо, калі мы ве́рым, што Хрыстос паме́р І ўваскрос, дык і паме́ршых у Ісусе Бог прывядзе́ з Ім.

Бо гэта кажам вам словам Спадаровым, што мы жывыя, засталыя да прыходу Спадаровага, ніякім парадкам ня выперадзім заснулых;
 
Бо гэтае кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія астае́мся да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паме́рлі,

Бо Сам Спадар із гукам расказаньня, з голасам архангілавым і трубою Божай зыйдзе зь неба, і мертвыя ў Хрысту ўскрэснуць першыя;
 
бо Сам Госпад з абвяшчэньнем, з голасам Архангела і трубой Божай зыйдзе з не́ба, і мёртвыя ў Хрысьце́ ўскрэснуць пе́ршымі;

Тады жывыя засталыя ўсхоплены будзем разам ізь імі ў булакох наўпярэймы Спадару ў паветру, і гэтак заўсёды будзем із Спадаром.
 
пасьля мы, што астае́мся жывымі, разам з імі падхоплены будзем на аблоках на спатканьне Госпаду на паве́тра, ды гэтак заўсёды з Госпадам будзем.

Дык цешча адны адных гэтымі словамі.
 
Дык пацяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.